„Віцебск” выйграў чацвёрты матч запар



У сераду трыма матчамі ў Віцебску, Оршы і Наваполацку працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Лідар сезона салігорскі „Шахцёр” гасцяваў у „Віцебска”, які ідзе ў топ-4. Па ходу сустрэчы „гарнякі” саступалі з лікам 1:3, аднак у заключнай трэці здолелі зраўняць лічбы, перавёўшы сустрэчу ў авертайм. Там, аднак, гаспадары ўсё ж узялі сваё – 4:3, пераможную шайбу за „Віцебск” правёў Яўген Дадонаў. Для „Шахцёра” гэтая няўдача стала пятай у васьмі апошніх матчах, з-за чаго адрыў салігарчан ад „Нёмана” скараціўся да трох ачкоў і рызыкуе зменшыцца да аднаго ўжо сёння. „Віцебск” жа выйграў чацвёрты матч запар і набраў 62 балы – столькі ж стала ў мінскага „Юнацтва” пасля гасцявой перамогі над „Хімікам” 4:1. Дублем за сталічную каманду вызначыўся Станіслаў Кучкін. Таксама ў сераду аршанскі „Лакаматыў” на хатняй арэне перайграў „Дынама-Маладзечна” з лікам 5:3, дзякуючы чаму найменьш на суткі падняўся ў верхнюю палову табліцы, выцесніўшы „Металург”.

Заўзятары назвалі форму „Нёмана” самай прыгожай у Betera-Экстралізе

Заўзятары абралі самую прыгожую форму сярод каманд Betera-Экстралігі. Перамога дасталася „Нёману”, за джэрсі якога прагаласавалі амаль  36% апытаных. Другое месца дасталася „Шахцёру” 17%, трэцяе – „Металургу” –  амаль 7%). Падобнае апытанне раней прайшло сярод хакеістаў, гульцы прагаласавалі за джэрсі „Шахцёра”, паведамляе ФХБ.

СКА на выездзе абыграў „Гомель”

У матчы чэмпіянату Беларусі па гандболе СКА ў гасцях узяў верх над „Гомелем”. Пасля першай паловы лік на табло быў 16:13, а вынік сустрэчы – 36:31.

Зборная Іспаніі выйшла ў паўфінал чэмпіяната свету па гандболе

Зборная Іспаніі ў двух авертаймах адолела нарвежцаў 35:34  і выйшла ў паўфінал чэмпіянату свету па гандболе. У іншым матчы 1/4 фіналу датчане разграмілі зборную Венгрыі 40:23. Другую паўфінальную пару складуць Францыя і Швецыя. Першыя абыгралі немцаў – 35:28, а другія зборную Егіпта 26:22.

Макась падпісаў кантракт з берасцейскім „Дынама”

Форвард Аляксандр Макась падпісаў кантракт з „Дынама-Брэст” і будзе выступаць у горадзе над Бугам найменьш да канца года. Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба. Папярэднім клубам 31-гадовага футбаліста быў „Гомель”, дзе летась ён правёў 35 матчаў ва ўсіх турнірах, забіў 10 мячоў і аддаў 2 галявыя перадачы. Па выніках сезона Макась стаў лепшым бамбардзірам каманды. Яго дэбют за берасцейцаў, як і дэбют шэрагу іншых навічкоў, чакаецца на турніры „Белазавец-2023”, які пройдзе з 30 студзеня па 3 лютага ў Жодзіне.

„Барселона” выйшла ў паўфінал Кубка Іспаніі

У чвэрцьфінальным матчы Кубка Іспаніі „Барселона” абыграла „Рэал Сасьедад” на хатнім стадыёне „Камп Ноу” 1:0. Пераможны гол у матчы на 52-й хвіліне забіў Усман Дэмбеле. З 40-й хвіліны госці гулялі ў меншасці пасля таго, як Брайс Мендэс атрымаў прамую чырвоную картку. Такім чынам, „Барселона” выйшла ў паўфінал Кубка Іспаніі. „Манчэстэр Юнайтэд” буйна абыграў „Нотынгем Форэст” у першым матчы паўфіналу Кубка англійскай лігі — 3:0 дзякуючы галам Рэшфарда, Вегхорста і Бруну Фернандэша. Сустрэча ў адказ пройдзе 1 лютага на „Олд Трафард”.

Беларускія пляжнікі забілі ўзбекам 13 мячоў

Зборная Беларусі па пляжным футболе гасцюе ў Санкт-Пецярбургу, дзе праводзіць першы трэніровачны збор. На ім запланаваны тры спарынгі. У першым з іх беларуская каманда разграміла супернікаў з Узбекістана – 13:0. Лепшым на пляцоўцы стаў Уладзімір Усціновіч, які вызначыўся чатыры разы. У дзень нараджэння Вадзім Бокач правёў у браму супернікаў тры мячы.

МАК рэкамендаваў разгледзець пытанне допуску расейцаў і беларусаў да сваіх турніраў

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў аб намеры разгледзець допуск расейскіх і беларускіх спартоўцаў да міжнародных турніраў у нейтральным статусе. Але гэта датычыцца толькі тых, хто не выступіў з актыўнай падтрымкай ваенных дзеянняў Расеі на тэрыторыі Украіны. У арганізацыі падкрэсліваюць, што для ўсіх спартоўцаў, якія будуць прэтэндаваць на допуск да спаборніцтваў, будуць арганізаваны індывідуальныя праверкі. Усе пытанні з канкрэтнымі допускамі будуць аддадзены на водкуп міжнародным федэрацыям.

Беларускае Радыё Рацыя