Агляд прэсы: выйграць унутраную бітву
Расейскія і беларускія вайскоўцы адпрацавалі дэсантаванне. Берлінскія «Леапарды» ідуць? Карупцыя ва Украіне на фоне вайны. Надзея на вырашэнне канфлікту ў Косаве. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У рамках сумесных вучэнняў расейскія і беларускія ўзброеныя сілы 25 студзеня адпрацавалі дэсантаванне ў Беларусі. У цяперашні час украінскія памежнікі не фіксуюць актыўнасці ля мяжы з Украінай», – паведамляе выданне Ukrainska Pravda.
«У сераду ў небе над горадам Берасцем і Берасцейскім раёнам знаходзіўся ваенна-транспартны самалёт Іл-76. Чарговае дэсантаванне знішчальнікаў 38-й дэсантна-штурмавой брыгады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адбылося на Берасцейскі палігон менавіта з гэтага самалёта, які выляцеў з аэрапорта Берасця.
Таксама ў дадзены момант на Ружанскім палігоне праходзяць адпрацоўкі практычных дзеянняў рэгіянальнай групоўкі авіяцыйнага кампанента войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі. ВСУ Украіны актыўна адсочвае сітуацыю, якая адбываецца на тэрыторыі Беларусі, асаблівая ўвага аддаецца маніторынгу беларуска-украінскай мяжы», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
Мяркуючы па паведамленнях СМІ, Берлін гатовы даць іншым краінам дазвол на рээкспарт ва Украіну танкаў Leopard-2, а таксама збіраецца паставіць Кіеву танкі з уласных запасаў. З ЗША паступаюць сігналы пра тое, што Вашынгтон дасць Украіне танкі Abrams. Украіна і многія яе саюзнікі ўжо даўно падштурхоўвалі Германію да гэтага кроку, а Польшча нават падала афіцыйны запыт аб перадачы Украіне танкаў. Большасць аглядальнікаў вітае рашэнне Берліна. «Танкавы пакт Вашынгтона і Берліна абумоўлены найперш палітычнымі прычынамі», – мяркуе італьянскаая газета La Repubblica.
«Катэгарычнае «не» з боку Германіі ўтойвала ў сабе небяспеку таго, што ў альянсе, які аказвае ваенную падтрымку супраціву Украіны, узнікне расколіна, якая дыстанцыявала б усходнееўрапейскія краіны ад астатніх членаў кааліцыі. Аднак Белы дом не мае права дапусціць таго, каб урады краін, якія асабліва моцна адчуваюць пагрозу з боку Расеі, страцілі веру ў НАТА і абарону з боку альянсу. Ці, што было б яшчэ горш, калі б гэтыя краіны пачалі рабіць аднабаковыя дзеянні, якія ў выніку маглі б прывесці да абвастрэння канфрантацыі з Масквой. Мяркуючы па ўсім, менавіта пры дапамозе апошняга аргументу амерыканцам і ўдалося пераканаць Шольца зрушыць справу з мёртвай кропкі», – падкрэслівае італьянскае выданне.
У дачыненні да шэрагу чыноўнікаў па меншай меры двух украінскіх міністэрстваў пачата расследаванне па падазрэнні ў карупцыі. Паводле паведамленняў, міністэрства абароны закупляла харчаванне для вайскоўцаў па завышаных коштах. Намеснік міністра абароны Вячаслаў Шапавалаў падаў у адстаўку. Звольнены і намеснік міністра інфраструктуры Васіль Лазінскі: яму ставіцца ў віну атрыманне хабару. Лазінскі знаходзіцца ў следчым ізалятары. «Шлях мае быць яшчэ доўгі, але ён вядзе ў дакладным кірунку», – сцвярджае брытанскі часопіс The Spectator.
«Украіна ўжо шмат гадоў змагаецца за тое, каб пазбавіцца ад рэпутацыі карумпаванай краіны. На гэтым шляху трэба яшчэ шмат чаго зрабіць. Поўнамаштабнае ўварванне войскаў РФ, пачатае ў мінулым годзе, спачатку адцягнула ўвагу грамадскасці ад палітыкі, аднак у апошнія месяцы антыкарупцыйныя ведамствы Украіны прыкметна ўзмацнілі сваю актыўнасць. Збольшага гэта тлумачыцца крытыкай і парадамі, якія паступалі з боку заходніх партнёраў, але ў той жа самы час гэта сведчыць і пра тое, што відавочна мяняюцца ўстаноўкі і падыходы ў самім украінскім урадзе. Для таго, каб атрымаць перамогу ў вайне з Расеяй, Украіне неабходна выйграць і гэтую ўнутраную бітву. А іншага выйсця проста няма!», – канстатуе брытанскае выданне.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч даў зразумець, што можа пайсці на саступкі ў канфлікце з Косава, якое Бялград не прызнае незалежным. Заява Вучыча пра тое, што ён выступае за пошук кампрамісу, прагучала пасля таго, як заходнія перагаворшчыкі прыгразілі Бялграду санкцыямі, у выпадку калі ён адкіне нядаўна прадстаўлены франка-германскай групай план урэгулявання сітуацыі. Аглядальнікі разважаюць пра магчымыя сцэнары развіцця падзей. Харвацкая газета Jutarnji list прапануе дастаткова асцярожны прагноз.
«Сербія не абавязаная прызнаваць Косава, але чакаецца, што яна не будзе пярэчыць супраць уступлення Косава ў міжнародныя арганізацыі. Косава павінна даць косаўскім сербам разумны ўзровень самакіравання. Прапанова, несумненна, добрая, але гэта відавочна не тая прапанова, пры дапамозе якой можна было б дасягнуць канчатковага, усёабдымнага і юрыдычнага ўрэгулявання сітуацыі, якое забавязвае ўсіх. ЕЗ і ЗША пакуль што адмовіліся ад амбіцый «канчатковай і поўнай нармалізацыі стану спраў» і прапануюць новае прамежкавае рашэнне да таго часу, пакуль не будуць створаны ўмовы для поўнай нармалізацыі, што прадугледжвала б уступленне Сербіі і Косава ў ЕЗ», – піша харвацкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array