Сабаленка выйшла ў фінал „Australian Open”
5-я ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка абыграла 45-ю у сусветным рэйтынгу польскую тэнісістку Магду Лінэт ў паўфінале „Australian Open” — 7:6, 6:2. У фінале Сабаленка будзе змагацца з прадстаўніцай Казахстана 25-й ракеткай планеты Аленай Рыбакінай, якая справілася ў паўфінальным паядынку з Вікторыяй Азаранкай.
„Дынама” разграміла „Куньлунь”
Хакеісты менскага „Дынама” пераможна завяршылі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У трэцім паядынку гасцявога турнэ мінчане сустракаліся з адной з горшых каманд бягучага сезона – „Куньлунем”. Да экватара матча каманды падышлі з мінімальнай перавагай „зуброў” 1:0, якія выйшлі наперад пасля гола Віталя Пінчука. Яшчэ да другога перапынку перавага „Дынама” вырасла да трох шайбаў дзякуючы дакладным кідкам Ігара Мартынава і Данііла Сатышвілі, які праводзіў дэбютны матч у складзе „зуброў”. У трэцім перыядзе госці давялі лік на табло да разгромнага, за „бела-блакітных” вызначыліся легіянеры Нік Мёрклі і Седрык Пакет. На апошняй хвіліне гульні гаспадарам усё ж удалося сапсаваць настрой галкіперу дынамаўцаў Канстанціну Шостаку, вынік паядынку – 5:1. Дзякуючы гэтаму поспеху падначаленыя Крэйга Вудкрафта зноў зраўняліся з „Северсталлю” ў Заходняй канферэнцыі КХЛ. Абедзве каманды з 56 ачкамі дзеляць 8-9-е месцы ў табліцы, адстаючы ад „Спартака”, які ідзе сёмым, усяго на бал.
Гандбалісткі „Гомеля” выйшлі на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі
У чэмпіянаце Беларусі па гандболе адбыліся матчы чарговага тура.
Адзін з галоўных фаварытаў жаночага першынства дзейны чэмпіён краіны „Гомель” выйшаў на першае месца, перамогшы на сваёй арэне выхаванак РДУАР з лікам 36:24. У Бабруйску гандбалісткі мясцовай „Бярэзіны” перайгралі берасцейскі клуб „Вікторыя-Бярэсце” 37:32. Спартоўкі „Гараднічанкі” на сваёй арэне ўзялі верх над „Віцябчанкай” – 30:24. Лідэр мужчынскага чэмпіянату мінскі СКА абыграў на выездзе гандбалістаў „Гомеля” з лікам 36:31. Чэмпіён краіны „Мяшкоў Брэст” на хатняй арэне быў мацней за магілёўскі клуб „Машэка” – 37:23.
Цяпер у СКА 32 ачкі пасля 17 праведзеных гульняў, „Мяшкоў Брэст” мае ў сваім актыве 29 балаў, згуляўшы на адзін матч менш, трэцім ідзе „Гомель”, у якога 18 ачкоў.
„Рэал” у авертайме абыграў „Атлетыка” і выйшаў у паўфінал Кубка Іспаніі
У чвэрцьфінальным матчы Кубка Іспаніі „Рэал” прымаў „Атлетыка”. на „Санцьяга Бернабеу”. Матч завяршыўся перамогай гаспадароў з лікам 3:1. Асноўны час матча завяршыўся з лікам 1:1. Лік у матчы адкрыў нападнік «Атлетыка» Альвара Марата. „Рэал” зраўняў лік на 79-й хвіліне. Гол у свой актыў запісаў Радрыга.
На 99-й хвіліне „Атлетыка” застаўся ў меншасці пасля выдалення Стэфана Савіча. На 104-й хвіліне нападнік Карым Бензема вывеў «Рэал» наперад. Канчатковую кропку ў матчы паставіў Вінісіус Жуніёр на 121-й хвіліне. Такім чынам, „Рэал” выйшаў у паўфінал Кубка Іспаніі, куды напярэдадні прабіўся таксама «Атлетык» Більбао, які абыграў „Валенсію” 3:1. Усе галы ў матчы пры гэтым забівалі футбалісты «Атлетыка» – Муніяін, Уільямс і Весга ў браму «Валенсіі», а Дэ Маркас у браму сваёй каманды.
Беларускае Радыё Рацыя