Памяці Уладзіслава Ахроменкі
Пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка бачыў сваю задачу ў стварэнні беларускай масавай літаратуры, якую б чыталі на вакзалах, у метро і самалётах. Шэраг сваіх раманаў ён напісаў у суаўтарстве з сябрам Максімам Клімковічам. На жаль, апошні раман, над якім яны працавалі разам, – «Нясвіжская крыза, альбо Дранікі для Джона Фіцджэральда Кенэдзі» застаўся незавершаным.

Пра што пісьменнік хацеў сказаць у гэтым рамане беларусам, кажа сам Уладзіслаў Ахроменка:
– Фабула такая – 1961 год, прэзідэнт ЗША Джон Фіцджэральд Кенэдзі, сэксуальная рэвалюцыя, рок-н-рол, увесь гэты гармідар. Такая вось Амерыка, якую мы ўяўлялі за часамі Савецкага Саюзу. Вы думаеце, што ўсім гэтым гармідарам кіруе Джон Фіцджэральд Кенэдзі? Не. Усім гэтым кіруе Станіслаў Альбрэхт Радзівіл, які быў жанаты на Лі Радзівіл – старэйшай сястры Жаклін Кенэдзі. Пра што зрэшты раман? Пра тое, што беларуса нельга зрабіць з мусу беларусам, як зрэшты нельга чалавека з мусу зрабіць шчаслівым.
Уладзіславу Ахроменку сёння магло б споўніцца 58 гадоў. Ён пайшоў з жыцця 9 лістапада 2018 года. Уладзіслаў быў нашым калегам, перадусім працаваў над унікальнім праектам – «На ўліку КДБ», шукаючы матэрыялы ў архіве КДБ Украіны. Памяць пра таленавітага пісьменніка і журналіста захоўваецца ў нашых сэрцах.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя