Каля 200 падлеткаў знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі
У Беларусі каля 200 непаўналетніх адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Пра гэта ў праекце „Краіна гаворыць” на Ютуб-канале БелТА паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі папраўчага працэсу Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Аляксандр Кралько.

Паводле яго слоў, сваё паўналецце ў дзіцячай калоніі сустрэлі каля 50% тых, хто адбывае пакаранне.
«Па заканадаўстве яны могуць працягваць адбываць пакаранне ў дзіцячай калоніі. Адна такая калонія для хлопчыкаў ёсць у Бабруйску, а дзяўчынкі адбываюць пакаранне на ўчастку для ўтрымання непаўналетніх у ВК №4 Гомеля. Цягам апошніх дзесяці гадоў колькасць асуджаных дзяўчынак не перавышала дзесяці чалавек. Цяпер з улікам таго, што іх садзяць за наркотыкі, гэтая колькасць стала ў два разы вышэйшай», — сказаў ён.