Памёр украінскі паэт Дмытро Паўлычка



На 94-м годзе жыцця памёр вядомы ўкраінскі паэт, грамадска-палітычны дзеяч, Герой Украіны Дмытро Паўлычка, паведаміла «Украінская праўда».

Перад тым старшыня Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны Міхаіл Сідаржэўскі напісаў у фэйсбуку: «Сёння ўвечары памёр Дмытро Паўлычка. Мне толькі што пра гэта паведаміў Багдан Горынь са спасылкай на дачку пісьменніка».

Дмытро Паўлычка быў адным з найзначнейшых украінскіх паэтаў. З ім былі добра знаёмыя і нават сябравалі і беларускія творцы.

Дмытро Паўлычка – паэт, перакладчык, літаратурны крытык, публіцыст, шасцідзесятнік, грамадска-палітычны дзеяч, у 2004 годзе яму прысвоена званне Героя Украіны. Кавалер ордэна князя Яраслава Мудрага IV, V ступені (1999, 2009), ордэна „За заслугі” III ступені (1997), ордэна Свабоды (2015), лаўрэат Нацыянальнай прэміі імя Тараса Шаўчэнкі (1977).

Нарадзіўся 28 верасня 1929 года. У 1945-46 гадах быў пасаджаны ў турму па справе па абвінавачанні ў прыналежнасці да УПА. Пазней ён быў адным з арганізатараў Народнага руху Украіны, Дэмакратычнай партыі Украіны, першы старшыня Таварыства ўкраінскай мовы імя Т. Г. Шаўчэнкі. Адзін з аўтараў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Украіны.

У 1990—1994, 1998—1999, а таксама ў 2005—2006 гадах быў народным дэпутатам.