Палітвязня Дзяніса Івашына судзілі па іншым артыкуле



Суддзя Валерый Раманоўскі выдаў даведку адносна гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына. Згодна з гэтым дакумантам, Івашына асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэксу РБ: ч.1 арт. 356 («здрада дзяржаве») і арт. 179 («незаконны збор або распаўсюд дадзеных аб асабістым жыцці»), піша Гарадзенская праваабарона.

Аднак раней сваякі палітвязня паведамлялі пра тое, што затрымлівалі Дзяніса аператыўнікі КДБ паводле артыкула 365 («умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Гэты ж артыкул быў выкарыстаны для санкцыянавання ператрусаў у Івашыных і выняцця кампутарнай тэхнікі і іншых рэчаў.

Калі і з якой прычыны адбылася замена ці перакваліфікацыя абвінавачання ва ўмовах закрытасці працэсу разгляду справы даведацца немагчыма.

Таксама сваякі Дзяніса Івашына паведамілі, што журналіст з 18 студзеня знаходзіцца ў папраўчай калоніі №15 гораду Магілёва, і яны дагэтуль не маюць з ім ніякай сувязі. Перад пераводам палітвязня ў калонію канваіры ў гарадзенскай турме вынялі з яго рэчаў усе станкі для галення. Сваякі хвалююцца, што гэта было зроблена наўмысна, каб пазней супрацоўнікі калоніі маглі звінаваціць Івашына ў парушэнні правілаў унутранага распарадку (неадпаведны знешні выгляд) і змясціць яго ў ШІЗА.