Вольга Шпарага: Разрыў Беларусі пагадненняў аб адукацыі з Польшчай – частка цяжкога ўнутранага крызісу



Офіс па адукацыі для новай Беларусі апублікаваў справаздачу, у якой сабраная інфармацыя пра вынікі працы за 2022 год. Сярод асноўных вынікаў – аказанне дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій студэнтам, настаўнікам і выкладчыкам, спрыянне ў набліжэнні дэмакратычнай будучыні Беларусі.

Вольга Сямашка пагутарыла з акадэмічная дырэктаркай Офіса адукацыі для новай Беларусі Вольгай Шпарагай пра тое, як варта рэфармаваць сістэму адукацыі ў Беларусі, якая яна – новая Беларусь і чым пагражае нядаўні разрыў Менскам афіцыйных сувязяў з Польшчай у сферы адукацыі:

– У нас каманда, з якой мы працавалі яшчэ да 2020 года ў Беларусі. І калі з-за палітычных рэпрэсій частка з нас апынулася ў Вільні, то мы вырашылі, што хочам неяк працягнуць працу і першапачаткова супрацоўнічалі з Офісам Святланы Ціханоўскай, а потым сталі працаваць самастойна, быць адной з каманд, якая займаецца рознымі адукацыйнымі праектамі. Зараз некалькі такіх каманд існуе, мы стараемся быць партнёрамі.

Спачатку наша дзейнасць была ў падрыхтоўцы рэформ у сферы адукацыі, можна было абмяркоўваць гэта. Мы рабілі онлайн-дыскусіі з беларусамі і беларускамі, якія ў Беларусі. Быў такі ўздым, але потым усё стала складана і небяспечна для людзей. І сёння наша дзейнасць за аднаго боку арыентавана больш на дапамогу людзям, і з іншага боку мы разам з партнёрамі займаемся адукацыйнымі і аналітычнымі праектамі, якімі займаліся да 2020 года ў Беларусі.

– Што такое для офіса новая Беларусь, і якое месца ў ёй займае адукацыя? Яна адрозніваецца ад адукацыі сучаснай Беларусі?

– Так, безумоўна. Мы лічым, што адукацыі належыць важнейшая роля. Я думаю, што складана адшукаць сярод тых, хто думае аб будучыні Беларусі, хто б з намі не пагадзіўся. Мы лічым, калі займаліся падрыхтоўкай рэформ, што самае важнае, каб было шмат гульцоў, шмат каманд, якія пра гэта думаюць, каб прапаноўваліся розныя канцэпцыі. І размова ідзе не пра нейкія тэхнічныя і не пра змястоўныя рэчы, а ў цэлым бачанне, якім павінна быць школа, універсітэт, ключавыя каштоўнасці, мэты, стратэгіі. Арыентуемся на падыход заснаваны на правах чалавека. Мы лічым, што дэмакратычныя каштоўнасці ключавыя, плюралізм, разуменне важнасці звароту да сваёй культуры, да сваёй гісторыі, гарызантальныя зносінамі паміж настаўнікамі, выкладчыкамі, студэнтамі і студэнткамі. Рэалізацыя акадэмічных свабод, як інстытута. Вельмі важна, каб у школах, нават у дзіцячых садках былі бацькоўскія рады, якія прымаюць рашэнні і ўплываюць на тое, як гэтыя інстытуты уладкаваныя.

Беларускае Радыё Рацыя