Паўла Мажэйку пакінулі пад вартай яшчэ на месяц
Папярэдні тэрмін утрымання пад вартай гродзенскага журналіста і грамадскага дзеяча Паўла Мажэйкі скончыўся 31 студзеня. Яго не вызвалілі, тэрмін затрымання працягнулі яшчэ на месяц. Пайшоў шосты месяц, як журналіст знаходзіцца за кратамі.
Як стала вядома службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў, з канца снежня ў СІЗА гарадзенскай турмы, дзе ўтрымліваюць Паўла, перасталі прымаць вітаміны і лекі ад родных вязняў. Гэта распараджэнне тычыцца ўсіх зняволеных.
Таксама Паўлу блакуюць ліставанне: яму перадаюць лісты толькі ад сям’і, яго лісты таксама даходзяць толькі родным. Ад іншых людзей журналісту час ад часу даходзяць паштоўкі. Павел вельмі ўдзячны ўсім, хто дасылае грашовыя пераводы.
Вядомы гродзенскі журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка быў затрыманы і арыштаваны 30 жніўня 2022 года ў Гродне. За што — дакладна невядома, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. 20 верасня праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Паўла палітычным вязнем. У абарону журналіста з патрабаваннем яго вызвалення выступіла таксама Еўрапейская федэрацыя журналістаў.