Святлана Ціханоўская: Народы Польшчы і Беларусі звязаны супольнай барацьбой за свабоду



У Польшчы працягваюцца мерапрыемствы, прысвечаныя 160-годдзю Студзеньскага паўстання.
Так, у многіх гарадах краіны прайшлі ўжо акцыі, сустрэчы і канцэрты, прымеркаваныя да падзей 1863 года. Адбылася ў Варшаве і афіцыйная ўрачастасць пры ўдзеле прэзідэнтаў Польшчы, Літвы, пасла Украіны і беларускай апазіцыйнай лідаркі.

А хутка – 2-га лютага – адбудзецца тэматычны відэалекторый “Каго любіш? Люблю Беларусь”.
Пра еднасць краін, міжнародную падзяку і перспектыву Беларусі гаворыць Святлана Ціханоўская:

-Народы Польшчы і Беларусі звязаны супольнай гісторыяй і супольнай барацьбой за свабоду. І я ўдзячная прэзідэнту Дуду за арганізацыю ўрачыстай цырымоніі з нагоды 160-годдзя Студзеньскага паўстання, якое мы называем Паўстаннем Кастуся Каліноўскага. Мы змагаліся за свабоду разам тады і працягваем змагацца разам і цяпер.

Мы не павінны чакаць пэўнага моманту. Мы павінны дзейнічаць цяпер. Перамены ў Беларусі могуць адбыцца нашмат хутчэй, чым многія чакаюць, але для гэтага неабходна дзейнічаць зараз.

У Сейме я папрасіла працягваць не прызнаваць Лукашэнку легітымным і ўсталяваць адносіны з Аб’яднаным пераходным кабінетам. Таксама я прасіла працягваць падтрымліваць беларускіх уцекачоў, беларускія незалежныя медыя і беларускія грамадскія арганізацыі. Я папрасіла ініцыяваць слуханні ў міжнародных арганізацыях і прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму.

Я папрасіла адрозніваць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ. Беларускі народ змагаецца не толькі за свабоду і незалежнасць, але і за еўрапейскую будучыню для Беларусі. Мы дамовіліся працаваць з Польшчай ужо сёння над праектамі рэформаў і новай Канстытуцыяй, каб не дапусціць паўтарэння дыктатуры ў будучыні. Я прашу ўсе палітычныя партыі Польшчы выступіць у падтрымку Беларусі. Патрабаваць вываду расейскіх войскаў з нашай тэрыторыі і вызвалення ўсіх палітвязняў. І я рада, што тут, у Польшчы, ёсць кансэнсус наконт гэтага сярод палітыкаў.

“Разам мы можам больш”, – перакананая Святлана Ціханоўская.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя

Array