„Юнацтва” і „Металург” перамаглі ў матчах экстралігі



У аўторак трыма матчамі ў Менску, Салігорску і Маладэчне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Экс-лідар турнірнай табліцы „Шахцёр” пацярпеў чарговую паразу, на гэты раз ад жлобінскага „Металурга”. Дзеючыя чэмпіёны краіны двойчы выходзілі ў матчы наперад, але абодва разы „гарнякі” аднаўлялі раўнавагу. Аднак, калі „сталёвыя ваўкі” павялі ў трэці раз, адказу ў салігарчан не знайшлося. У выніку 3:2, пераможную шайбу за „Металург” закінуў нападнік Яраслаў Сергіеўскі, які паўдзельнічаў ва ўсіх галявых атаках сваёй каманды. У яшчэ адным супрацьстаянні клубаў з верхняй шасцёркі экстралігі сышліся „Юнацтва” і „Гомель”. Зыход матчу вырашыла адзіная шайба, якую напрыканцы другога перыяду правёў форвард менчан Сяргей Дрозд. „Юнацтва” адарвалася ад „рысей” на тры ачкі і ўшчыльную наблізілася да тройкі найлепшых. Таксама ў аўторак „Дынама-Маладэчна” разграміла аўтсайдэра лігі „Магілёў” з лікам 6:2. Сёння ў беларускай экстралізе таксама адбудуцца тры сустрэчы. Цэнтральны паядынак вечара будзе згуляны ў Гародні, дзе „Нёман”, які ўзначальвае табліцу, прыме трэцюю каманду чэмпіянату „Віцебск”.

Лапко адмовілася ад працягу барацьбы ў другім матчы запар

У стартавым паядынку на турніры ІТФ у Мексіцы беларуская тэнісістка Вера Лапко, якая мае 305 нумар сусветнага рэйтынгу, не змагла завяршыць гульню з 624-й ракеткай планеты францужанкай Эстэль Кашына. Пасля пройгрышу першага сэта з лікам 1:6 беларуска адмовілася ад працягу барацьбы з-за траўмы. Раней яна не змагла дагуляць паўфінальны паядынак на турніры ІТФ у ЗША.

Ада стаў гульцом менскага „Дынама”

Кантракт з футбольным клубам „Дынама-Мінск” падпісаў нігерыйскі паўабаронца Джозэф Ада. „Навабранец „бела-сініх” у красавіку 2019-га прыехаў у Беларусь, далучыўшыся да „Слуцка”, у якім згуляў 26 матчаў ва ўсіх турнірах, забіў адзін гол і аддаў 3 выніковыя перадачы. Затым выступаў за армянскія „Пюнік” і „Гандзасар”, казахстанскі „Шахцёр” і расейскі „Алімп-Даўгапрудны”.

„Інтэр” узяў верх над „Аталантай” і выйшаў у паўфінал Кубка Італіі

У матчы 1/4 фіналу Кубка Італіі „Інтэр” нанёс паразу „Аталанце” з лікам 1:0, прабіўшыся ў наступны раунд. Адзіны гол на 57-й хвіліне забіў Дарміян. У матчы ў адказ паўфіналу Кубка англійскай лігі „Ньюкасл” перамог „Саўтгемптан” з лікам 2:1, здабыўшы пуцёўку ў фінал – дублем адзначыўся Лонгстаф.

„Чэлсі” аб’явіў аб пераходзе Жоржыньё ў „Арсенал”

Італьянскі паўабаронца Жаржыньё перайшоў у лонданскі „Арсенал”. Пра гэта паведамляецца на сайце „Чэлсі”, за які выступаў гулец. Жаржыньё пакідае „Чэлсі” з 213 гульнямі і чатырма медалямі пераможцаў, не больш каштоўнымі, чым поспех у Лізе чэмпіёнаў 2021 года, у якім ён адыграў важную ролю. Поспехаў у будучыні, Жоржы!” – гаворыцца ў заяве клуба.

Вялікабрытанія перадасць грошы ад продажу „Чэлсі” Абрамовічам на патрэбы Украіны

Урад Вялікабрытаніі блізкі да таго, каб перадаць 2 мільярды 600 мільёнаў еўра Украіне. Грошы на рахунак краіны паступяць ад продажу футбольнага клуба „Чэлсі”, якім раней валодаў расейскі бізнесовец Раман Абрамовіч. Пасля працяглых праверак урад Вялікабрытаніі гатовы выплаціць гэтыя грошы са спецыяльнага санкцыйнага рахунку. Для траншу спатрэбіцца ўхваленне ЕЗ. Летась Раман Абрамовіч прадаў футбольны клуб „Чэлсі” амерыканскаму прадпрымальніку Тоду Боўлі за 4 мільярды 820 мільёнаў. Улады Вялікабрытаніі патрабавалі, каб Абрамовіч нічога не атрымаў з гэтай здзелкі, і пасля працяглай праверкі яны ў гэтым пераканаліся.

Беларускае Радыё Рацыя