„Нёман” выйграў шосты матч запар
Трыма матчамі ў Берасці, Гародні і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У Берасці мясцовы клуб сышоўся з яшчэ адным прэтэндэнтам на прамое трапленне ў чвэрцьфінал плэй-оф – аршанскім „Лакаматывам”. Асноўны час матчу скончыўся з лікам 1:1, а серыя булітаў лепш удалася „чыгуначнікам”. Дзякуючы перамозе аршанцы на бал абышлі „Брэст” у табліцы, разрыў паміж „Лока” і шостым „Металургам” таксама складае адно ачко. У паралельнай сустрэчы „Ліда” нанесла паразу „Хіміку” 3:1, скараціўшы адставанне ад зоны накаўт-раўнда да сямі балаў. У цэнтральным матчы дня лідэр сезона „Нёман” абыграў „Віцебск”, які з’яўляецца адным з галоўных пераследнікаў гарадзенцаў. Адзіную шайбу гаспадары прапусцілі на апошняй хвіліне гульні, паспеўшы да гэтага двойчы закінуць „паўночнікам”. У выніку 2:1 на карысць „Нёмана”, які за сем тураў да заканчэння „рэгуляркі” адарваўся ад „Шахцёра” на тры балы. Трэцюю пазіцыю з васьміачковым адставаннем ад гарадзенцаў дзеляць „Юнацтва” і „Віцебск”.
„Вашынгтон” адправіў Аляксея Пратаса ў АХЛ
Трэнерскі штаб „Вашынгтона” прыняў рашэнне адправіць беларускага форварда Аляксея Пратаса ў свой фарм-клуб „Хёршы”, які выступае ў Амерыканскай хакейнай лізе. У 42-х матчах гэтага сезона за „Вашынгтон” Протас набраў 10 (3+7) ачкоў. Таксама на яго рахунку пяць сустрэч у форме „Хёршы”. У іх ён запісаў на свой рахунак тры выніковыя перадачы. У сезоне 2021-2022 Аляксей правёў за „Бірс” 42 сустрэчы, закінуўшы восем шайб і зрабіўшы 16 перадач.
Скабелка ўвайшоў у топ-15 лепшых трэнераў у гісторыі КХЛ
Беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка ўключаны ў топ-15 найлепшых трэнераў КХЛ. Рэйтынг склаў сайт Sports.ru. Скабелка заняў 14-е месца ў спісе. „Скабелка адчыніў дзверы ў КХЛ з нагі: пасля года асістэнтам у „Тарпеда” стаў галоўным у „Сібіры” — і ў першы ж год вывеў яе ў фінал Усходу, узяўшы бронзу. Тады ў Навасібірску была самая сапраўдная народная каманда, яе поспех стаў прарывам і паказваў усім, што нават з сярэднім бюджэтам можна быць у вырашальных стадыях плэй-оф. У далейшым трэнер спрабаваў сябе ў топ-клубах, працаваў у „Барысе” (і мінулым летам зноў вярнуўся ў Казахстан), але далей за другі раунд яго каманды так і не праходзілі”, — гаворыцца ў матэрыяле. Першае месца ў рэйтынгу заняў Вячаслаў Быкаў, у тройцы Зінэтула Білялетдзінаў і Ігар Нікіцін.
„Мінск” саступіў баскетбалістам „Астаны” ў Адзінай лізе ЗГБ
Баскетбалісты „Мінска” няўдала пачалі выступы ў другім этапе рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. Чэмпіёны Беларусі прайгралі на выездзе баскетбалістам „Астаны” з розніцай у чатыры ачкі – 82:86. У сваім другім матчы 4 лютага „Мінск” прыме на пляцоўцы сталічнага Falcon Club краснаярскі „Енісей”, які на старце другога этапа перамог у казахстанскай сталіцы „Астану” – 83:67.
„Барселона” ўзяла верх над „Бецісам”, здабыўшы чацвёртую перамогу запар
„Барселона” ўзяла верх над „Бецісам” у выязным матчы 17-га тура чэмпіянату Іспаніі — 2:1. Усе галы забівалі футбалісты каталонскай каманды ў другім тайме. Спачатку ў браму „Беціса” мяч адправілі Рафінья і Левандоўскі, а затым Кундэ адзначыўся аўтаголам. Каталонцы здабылі чацвёртую перамогу запар. „ПСЖ” перамог „Манпелье” ў выязным матчы 21-га тура чэмпіянату Францыі – 3:1. Форвард парыжан Кіліян Мбапэ і абаронца Серхіа Рамас пакінулі поле ў першым тайме з-за пашкоджанняў. Мбапэ двойчы не рэалізаваў пенальці. „Манчэстэр Юнайтэд” выйшаў у фінал Кубка ангельскай лігі. У матчы ў адказ паўфіналу ён паўторна абыграў „Нотынгем Форэст” — 2:0 дзякуючы галам Марс’яля і Фрэда. У фінале „МЮ” сустрэнецца з „Ньюкаслам”. „Баварыя” і „Лейпцыг” прабіліся ў 1/4 фіналу Кубка Германіі. „Баварыя” дзякуючы галам Шупа-Матынга, Мусіялы, Санэ і Дэвіса разграміла „Майнц” 4:0, а „Лейпцыг” упэўнена перамог „Хофенхайм” – 3:1.
Беларускае Радыё Рацыя