На Піншчыне будзе абноўлены помнік ахвярам нацыстаў
На Піншчыне па ініцыятыве габрэйскай грамады Беларусі будзе абноўлены помнік ахвярам нацыстаў. Гаворка вядзецца пра памятную кампазіцыю ў вёсцы Пасянічы, што пад Пінскам. Тут знак з’явіўся ў 1992 годзе на месцы масавых расстрэлаў вязняў гета. Усяго ў рэгіёне такіх пяць аб’ектаў, дзе нацысты ладзілі расправы над пінчукамі габрэйскага паходжання.

Па словах краязнаўцы, аўтара кнігі “Халакост на Піншчыне” Эдварда Злобіна, месцы вядомыя, але няма дакладнай лічбы ахвяраў:
– Па Пасянічах можна даволі дакладна сказаць, што там сапраўды было расстраляна каля 8 000 мужчын. Па Добрай Волі лічбы розныя, таму што, калі існавалі спісы вязняў гета, менавіта пінчукоў, што складае каля 20 000 насельніцтва, то ніхто не ўлічваў тых габрэяў, якія былі прыгнаныя з навакольных вёсак. З Лагішана сюды трапілі, таму такая розніца ў лічбах ёсць.
Краязнаўца дадае, што ў рэальнасці нацысты забілі на пінскай зямлі ад 20 да 26 тысячаў габрэяў. У любым выпадку, пасля Другой Сусветнай вайны колькасць пінчукоў-габрэяў не перавышае і 1% ад усіх мясцовых жыхароў, хаця да вайны гэта было 60% насельніцтва.
Беларускае Радыё Рацыя