Кастусь Каліноўскі: кароткія, але вечныя 26 гадоў жыцця



2 лютага спаўняецца 185 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага, аднаго з сама вялікіх людзей у нашай айчыннай гісторыі. Прыгадаем тут асноўныя вехі яго жыцця.

Нацыянальна-вызвольны дзеяч, ідэолаг беларускага руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 года ў Мастаўлянах (сёння Гарадоцкая гміна Падляшша). Шляхецкі род Каліноўскіх вядомы з канца XV стагоддзя. 

Помнік у Мастаўлянах

Продкі Кастуся Каліноўскага амаль сто гадоў валодалі маёнткам Калінава ў Браньскай зямлі, але ў 2-й палове XVIII ст. маёнтак быў прададзены. Бацька Кастуся – беззямельны гарадзенскі шляхціц, уладальнік невялікай ткацкай мануфактуры Сымон Каліноўскі. Маці, Вераніка (Рыбінская), памерла, калі Кастусю было толькі 5 гадоў. Ахрышчаны 18 лютага ў Ялоўскім парафіяльным касцёле пад імем Вінцэнт. У 1849 г. сям’я пераехала ў фальварак Якушоўка.

Падмуркі дому ў Якушоўцы

У 1847-52 гг. навучаўся ў Свіслацкай павятовай вучэльні, пасля некалькі гадоў пражыў у Якушоўцы, дапамагаў па гаспадарцы, адукоўваўся. Вялікі ўплыў на Кастуся меў старэйшы брат Віктар, які навучаўся ў Маскоўскім універсітэце і даследаваў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы. У 1856 г. паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэту, які скончыў праз 4 гады кандыдатам права. Браў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, групы студэнцкага зямляцтва “Агул”, разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштабу, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Атрымаўшы ў 1861 г. дыплом, спрабаваў уладкавацца на працу ў Вільні ў адміністрацыю генерал-губернатара Назімава, каб рыхтаваць паўстанне. На гэты час прыпадае яго знаёмства з будучаю нарачонай Марыяй Ямант. Уладкавацца спрыяў Людвік Звяждоўскі, аднак спробы сталіся марнымі і ў пачатку вясны 1861 г. Каліноўскі вярнуўся на Гродзеншчыну, пачаўшы стварэнне падпольнай арганізацыі.

Шыльда на будынку Свіслацкай гімназіі

Улетку 1862 г. разам з паплечнікамі па Гродзенскай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным і Валеры Ўрублеўскім пачаў выпуск “Мужыцкай праўды” – першай у гісторыі газеты на беларускай мове. Усяго выйшла 7 нумароў нелегальнай газеты. Яна выкрывала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, заклікала сялян да змагання. У ёй Каліноўскі сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы. Кожны нумар “Мужыцкай праўды” падпісваўся псеўданімам “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. Асабіста развозіў газету па вёсках, раскідваў яе па дарогах.

Камень з памятнай шыльдай

У 1862 годзе ўвайшоў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту – цэнтральнага органу рыхтоўлі паўстання ў Літве-Беларусі. Увосень таго ж года стаў яго старшынём. Стаяў на чале найбольш паслядоўных паўстанцаў, якіх адрозна ад лібералаў (“белых”) звалі “чырвонымі”. Гэты кірунак вызвольнага руху выступаў за самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. Старшынстваваў у паўстанцкім камітэце нядоўга. Пасля выбуху паўстання, варшаўскі цэнтр і мясцовыя абшарнікі дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на Гарадзеншчыну паўстанцкім камісарам ваяводства. Дзякуючы яго актыўнай працы, менавіта на Гарадзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную арганізацыю, прыцягнулі да змагання шмат сялян.

У чэрвені 1863 года з-за масавых арыштаў мусіў вярнуцца ў Вільню, дзе дзеіў пад прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціўс на кватэры Ямантаў у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы. Тут зноў узяў цэнтральнае кіраванне ў свае рукі. З восені 1863 г. Каліноўскі рыхтаваў новы выступ увесну. Але, выдадзены здраднікам Вітаўтам Парфяновічам, у ноч на 20 студзеня 1864 года схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах, дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца. У час следства і суду трымаўся надзвычай мужна, нікога не выдаў. Расейскім ваенна-палявым судом прыгавораны да расстрэлу. Аднак генерал Мураўёў настаяў на павешанні. Каліноўскага публічна павесілі на гандлёвым пляцы Лукішкі ў Вільні 22 сакавіка 1864 года.

Помнік на Лукішскім пляцы ў Вільні

Магіла была паблізу сённяшняй вежы Гедыміна, у выніку раскопак былі ідэнтыфікаваныя парэшткі. Урачыста перапахаваны ў капліцы на могілках Росы 22.11.2019 у ліку 20 чалавек, іншых паўстанцаў. Помнікі Каліноўскаму ўсталяваныя ў Мастаўлянах, Свіслачы, Салечніках. Памятныя шыльды ёсць у Свіслачы, Вільні, Менску. У Якушоўцы некалькі памятных знакаў. У Гарадку ёсць гмінны цэнтр культуры імя Каліноўскага. Яго імем названы вуліцы ў Гародні, Менску і Беластоку.

Помнік у Салечніках

Беларускае Радыё Рацыя