Пра назад у мінулае



Добра жывецца на тэрыторыі так званай ЛНР. Настолькі добра, што там з сярэдзіны лютага не будзе мабільнага інтэрнэту. Прычым не будзе інтэрнэту ні дзень і ні два. А да асаблівага распараджэння. Гэтую паслугу мабільны аператар проста прыбярэ. Адным рашэннем кагосьці мабільнага інтэрнэту проста не будзе. Раптам быў і раптам знік.

А сапраўды, навошта. Каму патрэбны інтэрнэт у 21 стагоддзі? Вось няма чаго рабіць, як сёрфінгам займацца. Ёсць іншыя карысныя справы. А тое з гэтымі мабільнымі інтэрнэтамі не на тыя сайты заходзяць, не тую інфармацыю чытаюць. А так: няма інтэрнэту, няма праблем. Жыццё без мабільнага інтэрнэту ў 21 стагоддзі – гэта вельмі сучасна.

А яшчэ можна жыць без гарачай вады, без транспарту, без святла. Не жыццё, а казка. Проста мара кожнага чалавека ў 21 стагоддзі, каб узялі і без тлумачэння прычын адключылі мабільны інтэрнэт. Замест гэтага, праўда, павялічаць колькасць хвілін унутры сеткі не некалькіх тарыфных планах. Відаць, для таго, каб не крыўдзіліся карыстальнікі. Цяпер інфармацыю затое можна даведвацца не праз інтэрнэт, а праз тэлефон. Пазваніў, распытаў знаёмых – табе распавялі. Добра, што галубоў не прапанавалі ўзамен мабільнага інтэрнэту. А маглі б. Хаця яшчэ не вечар.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя