„Нёман” першым забяспечыў сабе месца ў плэй-оф



У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Betera-Экстралігі гарадзенскі „Нёман”  адолеў „Хімік” з лікам 3:1.  Усе шайбы ў гэтым матчы былі закінуты ў другім перыядзе: паўночнікі адкрылі лік, але затым прапусцілі тры шайбы на працягу шасці хвілін. За гарадзенцаў вызначыліся Павел Баярчук, Арцём Ляўша і Уладзіслаў Паўлоўскі.

Гарадзенскі „Нёман” святкаваў сёмую перамогу запар у беларускай экстралізе. Таксама хакеісты „Нёмана” працягнулі серыю з набранымі ачкамі да 12 гульняў, апошнім разам гарадзенцы прайгравалі ў асноўны час яшчэ летась. Гэтая перамога азначае, што гарадзенцы першымі забяспечылі сабе ўдзел у плэй-оф.

Таксама напярэдадні чарговыя перамогі святкавалі „Брэст” і „Лакаматыў”, якія вядуць барацьбу за прамое трапленне ў плэй-оф. Клуб з Оршы на чужым лёдзе справіўся з „Лідай” – 4:3, аўтарам вырашальнай шайбы за „чыгуначнікаў” стаў Міхаіл Бучкін. Дзякуючы гэтаму поспеху „Лакаматыў” зноў уварваўся ў топ-6 экстралігі, на ачко ад аршанцаў адстаюць „Металург” і „Брэст”, якія дома ўпэўнена перайграў „Віцебск” з лікам 5:2.

Сабаленка знялася з турніру ў Досе

Другая ракетка свету Арына Сабаленка знялася з тэніснага турніру WTA-500 у Досе. У асноўнай сетцы беларуску заменіць кітаянка Чжан Шуай.

У гэтым сезоне Сабаленка ўжо выйграла турнір у Адэлаідзе і Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі. Беларуска перамагла ў 11 матчах запар.

Валадзько ўвайшоў у трэнерскі штаб берасцейскага „Дынама”

Спецыяліст заняў пасаду трэнера па фізічнай падрыхтоўцы. Кантракт разлічаны на адзін год, паведамляе прэс-служба клуба.

Валадзько ўжо некалькі тыдняў уваходзіць у трэнерскі штаб Ігара Крывушэнкі, дзе яго калегамі з’яўляюцца Андрэй Пракапюк і Аляксандр Храпкоўскі. Аляксандр Валадзько — адзін з найбольш вядомых футбалістаў Беларусі, які пачаў сваю кар’еру ў „Дынама-Брэст”, дзе з 2005 па 2008 год правёў 74 матчы (3+5) і выйграў першы ў гісторыі клуба трафей — Кубак Беларусі 2007.

Найбольшую вядомасць ён атрымаў у БАТЭ, куды перайшоў з „Дынама-Брэст” у 2008 годзе. Ён стаў дзесяціразовым чэмпіёнам Беларусі, правёў мноства матчаў у еўракубках і пачаў у Барысаве кар’еру трэнера, якая зараз працягнецца ў Берасці.

«Чэлсі» не здолеў абыграць «Фулхэм» у дэбютным матчы Энца Фернандэса

У матчы 22-га тура англійскай Прэм’ер-лігі „Чэлсі” прымаў „Фулхэм”. Гульня прайшла на стадыёне „Стэмфард Брыдж” у Лондане. Фінальны свісток галоўнага арбітра Сцюарта Атвела зафіксаваў нулявую нічыю.

Нягледзячы на перавагу падначаленых Грэма Потэра па валоданні мячом, каманды практычна не стварылі галявых момантаў падчас сустрэчы. Пачатковец «сініх” Міхаіл Мудрык, для якога гэты матч стаў першым у асноўным складзе лонданцаў, быў заменены пасля перапынку. За лонданскі клуб дэбютаваў экс-хаўбек «Бенфікі» Энца Фернандэс.

„Чэлсі” набраў 30 ачкоў і размясціўся на дзявятым радку ў турнірнай табліцы АПЛ. У актыве „Фулхэма” цяпер 32 ачкі – каманда займае шостае месца.

Першы гол Раналду выратаваў „Аль-Наср” ад паразы ў матчы з „Аль-Фатэхам”

„Аль-Наср” у матчы 15-га тура чэмпіянату Саудаўскай Аравіі згуляў унічыю з „Аль-Фатэхам” — 2:2.
Лік у матчы адкрыў форвард „Аль-Фатэха” Крысціян Тэльё. Затым паўабаронца Андэрсан Таліскі зраўняў. На 58-й хвіліне паўабаронца Соф’ян Бендэбка вывеў „Аль-Фатэх” наперад. На 3-й даданай хвіліне матчу суддзя прызначыў пенальці на карысць „Аль-Насра”. 11-метровы ўдар рэалізаваў зорны форвард гаспадароў Крышціяну Раналду, для якога гэта першы гол за каманду.

Каманда Раналду займае першае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Саудаўскай Аравіі, набраўшы 34 ачкі.

Беларускае Радыё Рацыя