Сяргей Лескець: У кнізе «Шэпт» атрымалася зафіксаваць жывую традыцыю знахарства



Беларускі Калегіюм зладзіў анлайн-сустрэчу з уласным выпускніком, фатографам і гісторыкам Сяргеем Лескецем – аўтарам кнігі «Шэпт». Гэта сапраўднае антрапалагічнае даследаванне з этнаграфічнымі звесткамі, фактамі і запісамі аўтара-ўкладальніка.

Кажа Сяргей Лескець:

-Тым каштоўная мая праца, што ўсё ж такі атрымалася зафіксаваць арыгінальнае, сапраўднае да таго, як яно стала цалкам гарадскім, урбанізаваным. З традыцыйнага фальклору перайшло ў форму постфолку і сучаснага гарадскога фальклору. Я першапачаткова хацеў нейкіх дзесяць партрэтаў. А атрымалася даследаваць некаторыя таямніцы, закрытыя тэмы беларускай традыцыйнай культуры, нашага свету міфалогіі, фальклору. Гэта цэлая кніжка і невялічкая партрэтная галерэя.

Кніга «Шэпт» Сяргея Лескеця даступная ў электронных кнігарнях Беларусі. Жыхары Беластока маглі пабачыць працы фатографа пра знахарак падчас выставы сучаснага беларускага мастацтва ў галерэі «Арсенал» год назад.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара і Сяргея Лескеця