Раскрыліся аўтары тэлеграм-канала, які публікуе відэа з рэпрэсаванымі
Стала вядома, хто робіць тэлеграм-канал, які публікуе відэа з рэпрэсаванымі. Дакумент са спісам вядоўцаў выпадкова выклаў туды нехта з адміністратараў. Структура, якая адказвае за вядзенне канала, — гэта Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў (УІГС) Міністэрства ўнутраных спраў, піша «Наша Ніва».

Паводле выдання, падраздзяленне, якое за гэта адказвае, мае рускамоўную назву ОРІКС і, хутчэй за ўсё, расшыфроўваецца як аддзел па рабоце ў інфармацыйна-камунікацыйнай сферы ці аддзяленне па рабоце ў інтэрнэце і камунікацыйнай сферы. Графік дзяжурстваў на канале склаў падпалкоўнік Сяргей Іванавіч Басько. Яму 45 гадоў і ён скончыў філфак БДУ ў 2000-м годзе, але пайшоў працаваць у міліцыю.

Падчас пратэстаў у горадзе Жодзіна Басько выдаваў сябе спачатку за пратэстоўца, а пасля за аператара незалежных СМІ і таемна здымаў удзельнікаў пратэстаў.
Беларускае Радыё Рацыя