Зянон Пазняк: У краіны вялікая будучыня
Госць Рацыі – Зянон Пазняк, палітык, лідар канcерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Міхал Андрасюк размаўляе з ім пра яго двухтыднёвы візіт ва Украіну.

РР: На сыходзячым тыдні Вы некалькі дзён правялі ва Украіне. Вось якую Украіну Вы пабачылі?
Зянон Пазняк: Я правёў ва Украіне два тыдні. Я пабачыў новую Украіну. Кіеў не змяніўся з 1998 года, калі я быў апошні раз. Але вельмі змяніліся людзі ў лепшы бок. Для мяне гэта была пэўная нечаканасць. Няма ніякага савецкага налёту, няма савецкай панурасці, хамаватасці, як было ў 90-х. Людзі ветлівыя, зычлівыя, адкрытыя, усміхаюцца ўсюды, дзе я заходзіў: ад крамаў і заправак да Вярхоўнага Савету, журналістаў. Усюды, дзе сутыкаўся з украінцамі, – людзі еўрапейскага кшталту, – ветлівыя і культурныя. Гэта для мяне была поўная нечаканасць, калі я бачыў, які быў савок вось тады ў 90-х. І гэта мяне вельмі абрадавала, у краіны вялікая будучыня.
РР: Гэта людзі. А як выглядае ўкраінская інфраструктура ў выніку расейскіх атакаў?
Зянон Пазняк: Выглядае дрэнна. Я быў у Кіеве, у Львове, у Дняпры, яшчэ ў некалькі гарадоў прыязджаў ды на лінію фронту. У Бахмуце там усё разбурана, кожную хвіліну страляюць. Гэта такое варварства, у Чынгісхана не было ракет, ён выпальваў агнём усё. Ну, а гэтыя варвары, якія датрывалі да дваццаць першага стагоддзя, – у іх ёсць ракеты, і яны страляюць па жылых дамах, па нявінных людзях, ноччу, калі людзі спяць. Страляюць па электрастанцыях, каб людзям было дрэнна, каб яны мерзлі, каб не было вады, каб не было электрычнасці. А такія варвары – гэта называецца расейскі фашызм. Вось яго зараз усе і бачаць.
РР: У Вас былі сустрэчы з жаўнерамі палка Каліноўскага. Гэта ў значнай большасці маладыя людзі, якія ўсё сваё жыццё пражылі ў лукашэнкаўскай Беларусі. Вы ўжо шмат гадоў у эміграцыі. Вы знайшлі агульную мову з гэтым пакаленнем, пакаленнем маладых беларусаў?
Зянон Пазняк: Гэта было маё самае найлепшае ўражанне, у Бахмуце, у франтавых умовах, калі я ўбачыў нашых харошых беларусаў, патрыётаў, аптымістычных, звязаных паміж сабой пабрацімствам. Яны так і называюць пабрацім адзін аднаго альбо дружа. Гэта такое адчуванне, якое цяжка перадаць словамі. Мы ручкаліся, абдымаліся, фатаграфаваліся, гаварылі, задавалі пытанні. У вельмі цяжкіх умовах, вельмі холадна, няма свету. Але інакш немагчыма – могуць накрыць ракетамі. І я там начаваў з тымі людзьмі. Тое самае – выдатныя людзі, і не толькі моладзь, як здалося. Ёсць нават адсоткаў 10-15 людзі старэйшага ўзросту, ад 50 да 60 ёсць. Тыя памятаюць мяне, галасавалі за мяне і гатовыя змагацца за Беларусь і Украіну, прыйшоў іх час. Так што гэта найвялікшае ўражанне ад людзей, ад новых украінцаў і ад нашых хлопцаў-беларусаў, якія змагаюцца ў вельмі-вельмі цяжкіх умовах. Гэта наша будучыня.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Array