Агляд прэсы: працяглы ўступ



Адбылося пахаванне загінулага ва Украіне беларускага актывіста. Чаму для свету важная параза Расеі ў вайне ва Украіне? Карані новых пратэстаў у Еўропе. Што чакае буйныя IT-карпарацыі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У суботу ў Кіеве прайшло пахаванне беларускага вайскоўца-добраахвотніка і актывіста, які загінуў на перадавой на ўсходзе Украіны. Эдуард Лобаў загінуў у жорсткіх артылерыйскіх баях у Вугледары супраць расейскіх войскаў у складзе невялікага, але актыўнага палка беларускіх дысыдэнтаў, які змагаўся на баку ўкраінскіх узброеных сілаў. Яго цела будзе дастаўлена для пахавання ў Варшаву», – паведамляе амерыканскае выданне The Washington Post.

«Расейскія войскі ўзмацнілі атакі на ўсходзе Украіны, асабліва ў прамысловых гарадах Бахмут і Вугледар. Масква заявіла, што сваёй галоўнай мэтай з’яўляецца захоп усходняй Данецкай вобласці, якую яна лічыць часткай Расеі.

Лобаў — апошняя страта палка Каліноўскага, злучэння, названага ў гонар выбітнага беларускага рэвалюцыянера, які ў 19 ст. ініцыяваў паўстанне супраць імперскай Расеі. Добраахвотнікі супрацьстаяць беларускаму аўтарытарнаму лідару Аляксандру Лукашэнку, блізкаму саюзніку Расеі. Яны лічаць, што перамога Украіны над Расеяй падштурхне змену рэжыму ў Менску. У 2010 годзе Лобаў адбыў чатыры гады калоніі за акты непадпарадкавання на радзіме ў Беларусі. Пасля вызвалення ў 2014 годзе ён збег ва Украіну і ўступіў у войска добраахвотнікам. Беларусы складаюць прыкметны кантынгент замежных баевікоў ва Украіне. Уварванне Расеі ва Украіну падштурхнула іх да мабілізацыі. Сам полк быў сфарміраваны ў сакавіку 2022 года і з першых дзён вайны ўдзельнічаў у шматлікіх ключавых баях, у тым ліку ў Мікалаеве, Херсоне і абароне Бучы ды Ірпеня. У апошнім удзельнічаў акурат Лобаў», — адзначае амерыканскае выданне.

***

«На Захадзе не цішэюць галасы «экспертаў», якія сцвярджаюць, што поўная перамога над РФ немагчымая, і заклікаюць «замарозіць» цяперашнюю лінію супрацьстаяння з тым, каб ужо потым вырашаць «пытанні аб спрэчных тэрыторыях» дыпламатычнымі сродкамі. Падобныя заклікі заснаваныя або на поўным неразуменні, або на свядомым затушоўванні сутнасці расейскай агрэсіі супраць Украіны», – піша расейскае незалежные выданне Graniru.

У Расеі сфармаваўся агрэсіўны неататалітарны рэжым з відавочна выяўленай і выразна артыкулюемай нацысцкай ідэалогіяй, пабудаванай на тэзе аб перавазе «рускай цывілізацыі» над Заходняй (англосаксонскай), на адмаўленні права і кульце гвалту. Мэтамі, пастаўленымі рэжымам Пуціна ў гэтай вайне, з’яўляюцца легітымізацыя «права» РФ анэксаваць тэрыторыі суседніх дзяржаў, «правы» вызначаць іх унутраную і знешнюю палітыку, пазбаўленне іх фізічнай магчымасці супраціўляцца любому новаму ваеннаму гвалту з боку РФ. Нават частковае дасягненне агрэсарам пастаўленых ім мэт прывядзе да канчатковага разбурэння міжнародна-прававога парадку, які існуе з 1945 года. Калі агрэсар разумее сваю вайну як экзістэнцыйную, яна па факце з’яўляецца такой і для ахвяры агрэсіі, колькі б ахвяра ні спрабавала гэта адмаўляць. Лідары Свабоднага свету павінны ўсвядоміць самі, публічна прызнаць і пераканаць свае народы, што ідзе экзістэнцыйная вайна з пуцінскай Расеяй, якая дакладна паўтарае шлях нацысцкай Германіі і ўяўляе такую ж пагрозу цывілізацыі. Поўнае паражэнне пуцінскай Расеі – гэта калі па выніках вайны яна не дасягне ніводнай з пастаўленых мэт. І ў першую чаргу – не зможа ўтрымаць за сабой захопленыя тэрыторыі. Для хуткага разгрому агрэсара неабходна ў першую чаргу зняцце апошніх табу на пастаўкі Украіне ўсіх відаў цяжкіх наступальных узбраенняў (перш за ўсё – дальнабойных ракет і авіяцыі). Па-другое, неабходна паскарэнне паставак. Без усялякага сумнення, усё гэта з’яўляецца эскалацыяй канфлікту. Аднак гэта не Крэмль павінен крэсліць «чырвоныя лініі» Свабоднаму свету. А наадварот, як і неабходна рыхтаваць грамадскую думку да прыняцця таго факту, што прамое ўцягванне заходніх краін у вайну з РФ цалкам верагодна. Галасы экспертаў і палітыкаў, якія нашэптваюць нам, што «Пуцін ніколі не дазволіць, каб РФ пацярпела паражэнне» – гэта галасы здраднікаў. Гэта галасы відавочных або ўтоеных ворагаў вольнага свету», – падкрэслівае расейскае выданне.

***

Па ўсёй Еўропе расце занепакоенасць з нагоды росту кошту жыцця, напружанай сітуацыі на рынку жылля і ў сферы аховы здароўя. «У людзей ёсць усе падставы для пратэстаў», – адзначае балгарская газета Duma.

«Працоўныя ўсіх прафесій падняліся на барацьбу ў шматлікіх краінах Еўропы – яны будуць пратэставаць і далей, каб прадэманстраваць сваім урадам, што справа швах. Не можа так працягвацца далей, каб кошты на ўсе тавары і паслугі раслі, а заработная плата – не. Пашана і павага гішпанскаму прэм’еру Пэдра Санчэсу за тое, што той выплачвае працоўным 14 заробкаў і, няхай і сціпла усяго на 8 працэнтаў, але паднімае ўзровень мінімальнай заработнай платы. Калі аплата працы павялічваецца ў адной з галін, за ёй павінны быць і іншыя. Лекары гэтак жа важныя, як настаўнікі, прадаўцы, кіроўцы грузавікоў і паштальёны. Усе яны з’яўляюцца вытворцамі паслуг, і ў той жа самы час іх спажыўцамі. Ну а па тым боку знаходзяцца тыя, хто толькі і думаюць, што пра свае банкаўскія рахункі і дывідэнды», – наракае балгарскае выданне.

***

Ніякіх футурыстычных праектаў, толькі цвёрдая эканомія: заходнія СМІ пішуць аб завяршэнні эпохі вялікіх тэхналагічных кампаній. Пасля амаль 15 гадоў бурнага росту і мільярдных прыбытковасцяў амерыканскія IT-гіганты скарачаюць свае выдаткі. Справаздачы кампаній Apple, Amazon і Alphabet Inc паказваюць, што сусветны спад эканомікі яны пераносяць балюча: попыт на электроніку падае, рэкламы становіцца менш, а анлайн-продажы скарачаюцца. Усё гэта змушае карпарацыі скарачаць выдаткі, якія, па меркаванні некаторых кіраўнікоў, да гэтага часу былі празмернымі. Але фундатарам такі падыход падабаецца нават больш. «Гэта быў горшы год для тэхналагічнай індустрыі з часоў фінансавага крызісу 2008-га», – піша амерыканская газета The New York Times.

«Лічбавыя гіганты накшталт Apple, Amazon, Alphabet, Microsoft і Meta (апошняя прызнана экстрэмісткай і забаронена ў Расеі) сумарна страцілі амаль $4 трлн. Баявыя дзеянні на Украіне і наступнае інфляцыйны ціск і эканамічная нявызначанасць не маглі абысці кампаніі бокам. Кампаніі гавораць, што рэкламадаўцы сталі занадта акуратнымі. І калі ў ЗША яны глядзяць на гэты год з „асцярожным аптымізмам”, то ў Еўропе прагнозы значна горшыя. Amazon збіраецца звальняць 18 тысяч супрацоўнікаў. Alphabet адмаўляецца ад футурыстычных праектаў, якія толькі памнажаюць даўгі, і робіць стаўку на развіццё штучнага інтэлекту. Пры гэтым супрацоўнікі могуць забыцца пра бясплатныя пральні і экстравагантныя офісы. Інвестарам такі падыход спадабаўся: індэкс NASDAQ, які аб’ядноўвае тэхналагічныя кампаніі, нават умацаваўся на 3%», – рэзюмуе амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array