Агляд прэсы: да сяброўства пакуль далёка
Беларуска-польская памежная сцяна ўзята са старой амерыканскай п’есы. Вынікі Саміту Украіна – ЕЗ у Кіеве. Косава: план урэгулявання як фактар ціску на Вучыча. ЗША збілі аэрастат-шпіён. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«На польска-беларускім памежжы іміграцыйны адвакат па правах імігрантаў з Каліфорніі выявіла жудасна знаёмую сцэну. Бліскучы метал і востры дрот пераносяць назіральніка да іншай сцяны: высокіх сталёвых калон, якія цягнуцца ў Ціхі акіян, падзяляючы Сан-Ісідра і Ціхуану. Адвакат з ЗША праехала 6000 міляў да спрэчнай мяжы Польшчы з Беларуссю толькі для таго, каб быць уражанай, наколькі ўсё гэта было знаёмым: сцены, гвалт, гуманітарны супраціў», – піша амерыканскае выданне Zócalo Public Square.
«Сцены і іншыя спосабы адмовы ад шукальнікаў прытулку даўно ўкараніліся на мяжы ЗША і Мексікі, але адносна новыя ва ўсходняй Польшчы. У маі 2021 года аўтарытарны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка пачаў заахвочваць мігрантаў з Блізкага Усходу, Афрыкі і іншых краін прыязджаць у Менск, каб палегчыць ім пераезд у Польшчу. Яго палітыка была палітычна разлічаная на правакацыю Еўразвяза, які ўвёў санкцыі супраць Беларусі пасля карумпаванага пераабрання Лукашэнкі ў 2020 годзе. І гэта спрацавала. Польскі ўрад ініцыяваў «адцісканні», гвалтоўна вяртаючы мігрантаў на беларускі бок без разгляду патрабаванняў аб гуманітарнай абароне і ў парушэнне міжнароднага права.
У адрозненьне ад выветранага чырвона-карычневага бар’еру, які аддзяляе Каліфорнію ад Мексікі, узведзенага 30 гадоў таму, польская сцяна ззяе срэбрам. Тым не менш, абодва з’яўляюцца рукатворнымі межамі, відавочна штучнымі ў адрозненне ад прыроднага свету, які бесперапынна цячэ вакол і пад імі. Актывісты, навукоўцы і мігранты ў абодвух паўшар’ях таксама ідуць падобнымі шляхамі, супрацьстаючы гэтым жорсткім мерам, аказваючы выратавальную дапамогу, змагаючыся за юрыдычную абарону і дакументуючы парушэнні правоў чалавека», – канстатуе амерыканскае выданне.
***
«Я веру, што Украіна заслугоўвае ўжо ў гэтым годзе падысці да пачатку перамоваў аб сяброўстве ў ЕЗ», – заявіў Уладзімір Зяленскі напярэдадні саміту Украіна-ЕЗ, які адбыўся ў мінулую пятніцу ў Кіеве. Саміт завяршыўся, аднак дакладнага плана па ўступленні Украіны ў супольнасць па яго выніках прадстаўлена не было. Прэса піша пра жаданыя перспектывы і рэалістычныя чаканні. На думку бельгійскай газета Le Soir, нішто не гаворыць пра тое, што прынята рашэнне аб паскораным уступленні Украіны ў ЕЗ.
«Прамовы, з якімі еўрапейскія прадстаўнікі выступаюць у Кіеве, мала чым адрозніваюцца ад тых, з якімі яны з’яўляліся і ў іншых краінах-кандыдатах на ўступленне пры значна менш трагічных абставінах. Шлях, які неабходна зрабіць для ўступлення – доўгі і цяжкі. Статус чальца супольнасці «трэба заслужыць». ЕЗ вітае «значныя намаганні», зробленыя Украінай, аднак часовы план для паскарэння працэсу ўступлення, які Кіеў хацеў бы бачыць, усё яшчэ зачынены ў скрыні стала. «Украіна – гэта ЕЗ, ЕЗ – гэта Украіна» – у гэтага лозунгу, вымаўленага Шарлем Мішэлем у пятніцу ў Кіеве, ёсць свае межы, паколькі для ЕЗ відавочна таксама і наступнае: «Першым чынам – бяспека!», – падкрэслівае бельгійскае выданне.
***
У студзені прадстаўнікі ЕЗ і ЗША апублікавалі новы, раней невядомы ў дэталях план урэгулявання косаўскага канфлікту. На пазачарговым пасяджэнні сербскага парламента, якое адбылося на днях, прэзідэнт краіны Аляксандр Вучыч падкрэсліў, што выступаў супраць таго, каб Захад навязваў Сербіі свой пункт гледжання, але пры гэтым папярэдзіў, што непадпісанне пагаднення прывядзе да прыпынення выплат з боку ЕЗ, інвестыцый, а таксама перамоваў аб уступленні ў Еўразвяз. «Сербія таксама павольна, але дакладна рухаецца да разумення таго, што косаўскае пытанне так ці інакш давядзецца вырашаць», – піша харцвацкі партал Telegram.hr.
«Атмасфера ў Бялградзе вагаецца паміж асуджанасцю і гневам. І падобна, што нават Аляксандр Вучыч разважае пра тое, які з гэтых двух настрояў возьме верх, і ці хопіць у яго сіл нейтралізаваць бунт той часткі насельніцтва, якая абавязкова пачне пратэставаць, калі план будзе ўхвалены. Ад гэтых адзнак залежаць далейшыя крокі Вучыча. Сербская Праваслаўная царква і праеўрапейская апазіцыя таксама будуць адыгрываць тут важную ролю», – падкрэслівае харвацкае выданне.
***
ВПС ЗША сцвярджаюць, што ў выпадку збітага над водамі Паўднёвай Караліны аэрастата гаворка ідзе пра лятальны аб’ект-шпіён. Пекін настойвае на тым, што аэрастат быў усяго толькі заблукалым грамадзянскім аб’ектам, які выкарыстоўваецца для даследавання праблемы клімату, і раскрытыкаваў ваенныя дзеянні ЗША як празмерныя. Еўрапейская прэса піша пра тое, што з абодвух бакоў не назіраецца намаганняў па дээскалацыі. Ірландская газета The Irish Times не хавае сваёй трывогі.
«Адносіны паміж Кітаем і ЗША зацягнутыя шэранню – як на эканамічным, так і на дыпламатычным узроўні. Прэзідэнт Байдэн, здаецца, поўны рашучасці «адлучыць» эканомікі дзвюх галоўных сусветных дзяржаў адна ад адной, і рассячы складаныя залежнасці ў ланцужках паставак, паклаўшы канец чатыром дзесяцігоддзям паступовай інтэграцыі эканомікі Кітая з Захадам. Падобна, Вашынгтон усё больш звыкаецца з думкай аб доўгатэрміновым эканамічным канфлікце з Пекінам. Ды і Кітай не праяўляе ніякага жадання ісці на саступкі. Ён рашуча рухаецца ў напрамку паглыблення супрацьстаяння», – паведамляе ірландскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array