Прысудзілі тры гады «хатняй хіміі». Апазналі па фотаздымках з пратэстаў



У судзе Ленінскага раёна Менска асудзілі Дзмітрыя Бурага паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК. Суддзя Марына Клімчук прызначыла Дзмітрыю тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён некалькі разоў удзельнічаў у Менскіх акцыях пратэсту, выходзіў на праезную частку праспекта Незалежнасці, чым блакаваў рух грамадскага транспарту.

Паводле меркавання суда, тым, што Дзмітрый прыняў удзел у акцыі пратэсту, ён і іншыя удзельнікі «працягла парушалі грамадскі спакой, абмежавалі права оабрапрыстойных грамадзянаў на спакойны адпачынак і вольнае перамяшчэнне, то бок груба парушылі грамадскі парадак».