Пра вяртанне на радзіму



Саміведаецехто падпісаў указ аб стварэнні камісіі для працы з ахвотнымі вярнуцца.

І вось цяпер пытанне: улады сапраўды лічаць, што з’явяцца ахвотныя вярнуцца, улічваючы, што рэпрэсіі не спыняюцца ўжо тры гады, а ў самой краіне знаходзяцца расейскія войскі? То бок улады сапраўды вераць, што ў Сінявокай рай, што людзі будуць адмаўляцца ад эміграцыі і вяртацца на радзіму? Прычым адмаўляцца не толькі ад магчымасці атрымаць нейкія побытавыя выгады, але і ад таго, што могуць ставіць лайк, дзе хочуць, пісаць каментары, дзе хочуць, чытаць сайты, якія хочуць, і апранацца ў тыя колеры, якія хочуць.

Ці гэта ўлады самі для сябе робяць такі спектакль. Самі прыдумалі, самі стварылі і самі паверылі. Слабавата ўяўляюцца тысячы ахвотных, якія дасылаюць пакаяльныя лісты ў камісію з просьбай вярнуцца на радзіму. Гэта ў пачатку 20 стагоддзя можна было паверыць у абяцанкі дараваць тым, хто вернецца. А цяпер усё-такі ёсць інтэрнэт, пагугліць можна ўсю інфармацыю. Аднак саміведаецехто, відаць, перакананы, што беларусы без яго прападуць. Цікава, ці будзе потым крыўдзіцца, калі практычна ніхто не будзе звяртацца ў гэтую камісію для з працы з ахвотнымі вярнуцца.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя