МЗС Польшчы асудзіла вырак Пачобуту



МЗС Польшчы назвала несправядлівым прысуд журналісту Анджэю Пачобуту. Цытата з заявы: «Анджэй Пачобут — польскі і беларускі патрыёт. Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць яго. Прыйдзе дзень, калі вольны Анджэй Пачобут і беларускія палякі змогуць жыць у свабоднай Беларусі».

Як паведамлялася, працэс над палітвязнем праходзіў у Гарадзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. Дату пачатку разгляду справы двойчы пераносілі з невядомых прычын. Пачобут за кратамі ўжо больш за паўтара года. Зняволены мае праблемы са страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Пачобут моцна схуднеў, бо амаль нічога не есць, толькі дыетычныя кашы.

Вырак – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – агучыў суддзя Дзмітры Бубенчык. 

Нагадаем, што ў Беластоку сёння пройдзе акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам. Месцам стане сквер каля помніка Ежы Папялушку, пачатак а 18.00. Усяго па стане на 8 лютага ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1449 чалавек, рэальная колькасць нашмат большая.

Беларускае Радыё Рацыя

Array