Палітвязень Дзяніс Івашын змешчаны ў 11 атрад магілёўскай калоніі №15
Палітвязень, журналіст Дзяніс Івашын пасля лячэння ў турэмным шпіталі змешчаны ў вызначаны 11 атрад магілёўскай калоніі №15 адбываць турэмны тэрмін ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У шпіталь Дзяніс трапіў 18 студзеня ў цяжкім стане. Асаблівага больш пакуль нічога не вядома, гаворыць жонка Вольга Івашына:
– Мы даведаліся, што ён ужо ў 11-м атрадзе. Адразу па прыезду ён адчуваў сябе вельмі кепска, была высокая тэмпература 39. Яго адразу паклалі ў шпіталь. Праз нейкі час ён ачуняў і ўжо цяпер ён знаходзіцца ў 11-м атрадзе. Ужо можна пісаць лісты.

Журналіста Дзяніса Івашына з Гародні засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных спраў і здрадзе дзяржаве. Таксама Дзяніс павінен выплаціць штраф 4800 рублёў і кампенсацыю 9 нібы пацярпелым міліцыянтам у суме 18 000 рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя