З 15-гадовага брата адміністратара тг-канала ў СІЗА „выбіваюць” паказанні



15-гадовага брата адміністратара тг-канала „Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі” з чацвярга ўтрымліваюць у менскім СІЗА № 1 (раней быў ізалятар часовага ўтрымання, пасля — спецдыспансер Следчага камітэта). У дачыненні да яго пачалі крымінальную справу, яму пагражае да 10 гадоў зняволення.

З юнака выбіваюць паказанні, піша @belzhd_live. Пра затрыманне брата адміністратара тг-канала стала вядома ў студзені. КДБ патрабаваў спыніць вядзенне канала і выдаліць яго. З-за гэтага шантажу і ўтрымання за кратамі закладніка тг-канал нейкі час не абнаўляўся.

Цяпер жа ён піша, што хлопец застаецца за кратамі, а ціск на яго працягваецца. Адміністратар тг-канала заклікае да шырокай агалоскі таго, што адбываецца. Мяркуецца, што „міжнародны ціск можа змяніць сітуацыю”.