Агляд прэсы: патрэба ў цярпенні



Восем гадоў калоніі для беларускага журналіста. Ці атрымае Украіна знішчальнікі? Якія высновы ад індэксу успрымання карупцыі за 2022 год? Палітычныя штуршкі землятрусу у Турцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Беларускі журналіст Анджэй Пачобут, прадстаўнік польскай меншасці ў Беларусі, у гэтую сераду быў прыгавораны да васьмі гадоў строгага рэжыму. Ён знаходзіўся ў следчым ізалятары з сакавіка 2021 года. На думку суда, Пачобут, які працаваў карэспандэнтам польскай Gazeta Wyborcza, нанёс шкоду нацыянальнай бяспецы сваімі антыўрадавымі рэпартажамі. Польская прэса не ўтойвае свайго шоку і абурэння. Польскі часопіс Polityka ўражаны тым, як трымаецца журналіст.

„Сёння Пачобут стаў сімвалам барацьбы за свабоду слова ў Беларусі. Восем гадоў калоніі, да якіх яго прыгаварылі – гэта пакаранне для ўсёй незалежнай беларускай журналістыкі. Анджэй ніколі не хацеў, каб яго лічылі пакутнікам. Ён заўсёды падкрэсліваў, што ён не адзін за кратамі, бо там знаходзяцца і многія іншыя яго калегі-журналісты”, – адзначае польскае выданне.

Пасля сустрэч у Лондане і Парыжы, у чацвер прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў перад Еўрапарламентам у Бруселі. Ён казаў пра тое, што для абароны дэмакратыі як ва Украіне, так і ва ўсёй Еўропе, Украіне неабходна больш узбраенняў і, у прыватнасці – патрэбныя заходнія знішчальнікі. Еўрапейская прэса падзялілася ў меркаваннях. Чэшскі партал Echo24 падтрымлівае просьбу Украіны і ўспамінае пра тое, якую каласальную дапамогу аказалі Злучаныя Штаты Ізраілю падчас Вайны Суднага дня ў 1973 годзе.

„Калі б тады прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан разважаў наконт кожнай новай сістэмы ўзбраенняў і аддаваўся разважанням у тым духу, што, маўляў, 30 танкаў – гэта яшчэ куды ні ішло, а вось 31 – гэта ўжо пераход чырвонай рысы, то сёння Ізраіля магло б і не быць зусім. Вось і сёння Захад павінен перастаць вагацца, і даць украінцам усё, што яны просяць. Для перамогі над Пуціным Украіне патрэбныя паслядоўныя і масіраваныя пастаўкі ўсяго неабходнага, як яны былі патрэбныя ў свой час Ізраілю”, – заклікае чэшскае выданне.

Паводле Індэксу ўспрымання карупцыі, які штогод публікуецца арганізацыяй Transparency International, найбольш шчасна ў гэтых адносінах ідуць справы ў Даніі, Фінляндыі і Новай Зеландыі. Гэтыя краіны лічацца найменш схільнымі да карупцыі. А замыкаюць спіс Самалі, Сірыя і Паўднёвы Судан. Турцыя і Венгрыя моцна аселі ў параўнанні з папярэднімі паказчыкамі. Рэйтынг складаецца на падставе адзнак, якія выносяцца экспертамі. Італьянская газета Corriere della Sera здзіўленая тым, што першае месца ў гэтым рэйтынгу дасталася Даніі, а сёмае – Швейцарыі.

„Гэта ўзнімае пытанне пра тое, што такое «ўспрыманая» карупцыя. Менш за два месяцы таму вядучы банк Даніі Danske Bank быў аштрафаваны амаль на паўмільярды эўра за адмыванне 200 мільярдаў эўра (у асноўным расейскіх) незаконных грошай. Цікаўна, што санкцыі капенгагенскіх улад рушылі ўслед толькі праз чатыры гады пасля таго, як разгарэўся скандал, і менавіта ў той момант, калі Danske Bank пагадзіўся выплаціць ураду ЗША два мільярды даляраў у абмен на завяршэнне расследавання з нагоды аналагічных абвінавачванняў. У Швейцарыі банкаўская асацыяцыя аб’явіла, што ў яе банках знаходзіцца на захоўванні больш за 200 мільярдаў даляраў расейскіх сродкаў, з якіх толькі чатыры працэнты замарожаны. А што ж з астатнімі 96 працэнтамі?”, – задае нязручнае пытанне італьянскае выданне.

У рэгіёнах Турцыі і Сірыі, якія пацярпелі ад разбуральнага землетрасення , працягваюцца пошукава-выратавальныя работы. Еўрапейская прэса адзначае, што на фоне катастрофы ўжо азначыліся першыя палітычныя змены, і задаецца пытаннем пра тое, што ж рушыць услед далей. Асаблівая ўвага надаецца перспектыве парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Турцыі, якія павінны адбыцца ў маі гэтага года. „Эрдаган як піць даць нешта зробіць для таго, каб не аказацца вымушаным трымаць адказ перад выбаршчыкамі падчас выбараў у сітуацыі, калі многія вінавацяць у крызісе непасрэдна яго самога”, – піша брытанскі часопіс The Economist.

„У траўні Эрдагана чакаюць выбары, якія і так абяцалі стаць для яго вельмі няпростымі, з прычыны няшчаснай сітуацыі ў эканоміцы і ўзроўню інфляцыі, які перавысіў 50 працэнтаў, а ўсё з-за яго неразумнай крэдытна-грашовай палітыкі. Выбаршчыкі ўлічаць тое, як ён пакажа сябе ў справе пераадолення наступстваў землятрусу, а таксама зададуць пытанне пра тое, чаму яго ўрад не прыняў больш маштабных мер па сейсмаабароне пасля разбуральнага землятрусу 1999 года. Эрдаган усё гэта выдатна разумее: пракуратура ўжо пачала праверку ў дачыненні да двух журналістаў, якія адважыліся пакрытыкаваць дзеянні ўрада пасля катастрофы. Не выключана, што Эрдаган можа прыняць рашэнне перанесці выбары”, – папярэджвае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array