Жыхару Берасця за адміністраванне чату „ГОБК” прысудзілі 4 гады
Берасцейскі абласны суд у закрытым рэжыме вынес прысуд мясцоваму жыхару Дзмітрыю Сцяпанаву, абвінаваціўшы яго ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім паводле ч. 1 арт. 361-1 КК. Справу разглядаў суддзя Андрэй Лешчанка.

Згодна з матэрыяламі справы, 38-гадовы Дзмітрый у верасні 2020 года стварыў Telegram-чат, інфармацыйная прадукцыя якога ў сакавіку 2022 года судом Ленінскага раёна Берасця прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі. Сцяпанаў, нібыта будучы адміністратарам дадзенага чата, „аб’яднаў групу грамадзян і кіраваў дзейнасцю гэтай супольнасці, схіляючы людзей да экстрэмісцкай дзейнасці”.
Спярша мужчыну судзілі па адміністрацыйных „палітычных” артыкулах, а потым распачалі крымінальную справу. Пры гэтым вельмі падобна на тое, што чат „ГОБК” быў прызнаны „экстрэмісцкім фармаваннем” ужо пасля затрымання Дзмітрыя.