Даследчыку беларускай міфалогіі – 65
12 лютага спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння беларускага філолага, фалькларыста, літаратуразнаўца, краязнаўца, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара Аляксея Ненадаўца.

Аляксей Ненадавец нарадзіўся 12 лютага 1958 года ў вёсцы Чухава Пінскага раёна. У 1975 годзе скончыў Чухаўскую сярэднюю школу, паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, поўны курс якога па спецыяльнасці «Філолаг-выкладчык» завяршыў у 1980 годзе.
Пасля размеркавання Аляксей Ненадавец застаўся асістэнтам на кафедры рускай літаратуры. У тым жа годзе паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, адкуль яго прызвалі на службу ў армію. Служыў у Туркестанскай ваеннай акрузе, бываў у камандзіроўках у Афганістане. Вясною 1982 года Аляксей Ненадавец дэмабілізаваўся і аднавіўся ў аспірантуры, якую паспяхова закончыў у 1985 годзе.
Кандыдацкую дысертацыю Аляксей Ненадавец абараніў у 1985 годзе па тэме «Дакастрычніцкая творчасць Якуба Коласа і фальклор». З 1985 па 1989 гады працаваў асістэнтам, а затым і дацэнтам кафедры рускай літаратуры ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. З лютага 1989 года — дактарант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы АН БССР. З 1992 года Аляксей Міхайлавіч працаваў на пасадзе старшага навуковага, а потым вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута імя К. Крапівы.
У 1995 годзе Аляксей Ненадавец абараніў доктарскую дысертацыю «Праблема хтанічнага архетыпу ў беларускім фальклоры». У 2000 годзе атрымаў пасаду загадчыка кафедры «Дзяржаўныя і замежныя мовы» Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
На працягу сваёй дзейнасці бесперапынна займаецца даследаваннем беларускай міфалогіі і фальклору беларусаў, узаемасувяззю літаратуры з народнай творчасцю, міфалогіяй і фальклорам, краязнаўствам. Аўтар больш за 720 навуковых і навукова-папулярных публікацый у айчынным і замежным друку. Сваю фантастычную працаздольнасць сам Аляксей Міхайлавіч тлумачыць проста: «Вандроўкі па родным краі, фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі для мяне не толькі творчая праца, але і цудоўны адпачынак».
Найбольш значныя навуковыя працы даследчыка: «Пакланіцеся дубу» (1993); «Святло таямнічага вогнішча» (1993); «Каму пакланяліся продкі» (1996); «За смугою міфа» (1999); «Чорт у легендах і паданнях беларусаў» (1999); «Сілаю слова: Чорная і белая магія» (2002). Аляксей Ненадавец запісаў, апрацаваў і ўклаў зборнікі назваў населеных пунктаў розных рэгіёнаў Беларусі паводле легенд і паданняў. Аўтар артыкулаў пра фальклор Калінкавіцкага і Брагінскага раёнаў, апублікаваных у кнігах серыі «Памяць» (2002, 2003). Акрамя таго, Аляксей Ненадавец напісаў гістарычныя працы: «Крэпасць на Бярэзіне» (1993), «Тэадор Нарбут» (1996), «Летапіс горада на Бярэзіне (1387–1917)» (1998).

Асабліва плённа працуе этнограф і фалькларыст у апошні час. Кола яго інтарэсаў самае разнастайнае: ад крапатлівага збірання такога цікавага жанру, як праклён, да гістарычна-дакументальных даследаванняў. Найбольш значныя манаграфіі аўтара з’явіліся з друку нядаўна. А гэта – «Уладзімір Караткевіч: прырода, фальклор і творца» (2015), «Бацькоўская хата» (2015), «Цячэ рэчанька» (2016), «Нашы спеўныя землякі» (2017), «Сіла праклённага слова» (2017), «Легенды старых млыноў» (2018) і іншыя.

Шчыра віншуем Аляксея Міхайлавіча з юбілеем і жадаем яму здароўя, творчых здабыткаў і новых кніг!
Беларускае Радыё Рацыя