Паўлюк Быкоўскі распавёў што не так з камісіяй для вяртання беларусаў з-за мяжы



У эфіры Радыё Рацыя пабываў палітычны аналітык і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўсі

РР: Генеральная пракуратура паведамляе пра вельмі вялікую колькасць зваротаў, але нідзе няма канкрэтнай лічбы. Што не так з гэтай камісіяй?

– На мой погляд, тут спалучаюцца некалькі рашэнняў: з аднаго боку падобна на псіхалагічна-інфарматыўную аперацыю, каб змяніць настроі людзей, якія з’ехалі ў вымушаную эміграцыю, але разам з тым кажуць не пра тое, што іх памілуюць, а тое, што ім прыйдзецца адбываць пакаранне, і яны самі мусяць данесці на сябе. А з іншага боку, калі браць толькі загалоўкі і агульную канву, то падобна на тое, што ствараецца аргумент для адвакатаў Аляксандра Лукашэнкі і ягонага рэжыму на Захадзе. Бо заўсёды ёсць тыя, хто пры першай нагодзе будуць казаць: «Давайце нармалізуем адносіны, лепей абапірацца на тое, што ёсць больш важныя мэты. Яны могуць быць – мір, гандаль, у нас ёсць нацыянальныя інтарэсы, і г.д. Але ў сітуацыі, калі рэпрэсіі не спыняюцца, калі рэжым выглядае абсалютна непрымальным для заходняй публікі, гэтыя аргументы ўжыць немагчыма. А вось калі Лукашэнка падае сігналы, што быццам бы можна вяртацца, што адбываецца нармалізацыя сітуацыі, то для такіх адвакатаў на Захадзе гэта можа быць прымальна. Бо ніхто ж не будзе разбірацца, ці гэта сапраўды працуючы механізм.

РР: Калі глядзець на склад гэтай камісіі. Як Вы яго ацэньваеце?

– З улікам таго, што я не ўпэўнены, што гэта робіцца проста каб яно было зроблена, то склад сімвалічны, бо там ёсць асобы ад сілавікоў, асобы ад прапагандысцкага блоку, якія зʼяўляюцца знакавымі фігурамі.

РР: Тут больш ідэалогія, ці практычнае значэнне? Апазіцыйныя беларускія палітыкі кажуць пра тое, што юрыдычнай моцы паводле беларускай Канстытуцыі такая камісія не можа мець. На «БелТA» пісалі, што ў Генпракурора ёсць такі інструмент, каб пазбавіць чалавека, нават калі ён у чымсьці вінаваты, то пракурор нейкім сваім указам можа пазбавіць яго гэтай адказнасці.

– Генпракуроры не даюць указаў, памілаванне можа быць указам прэзідэнта, амністыя можа быць зроблена па законе. А калі казаць пра склад камісіі і яе паўнамоцтвы, то калі б ставілася мэта сапраўды прыцягнуць людзей у Беларусь, калі б было сказана, што вы не панясеце турэмнага пакарання прынамсі, то ў такой камісіі магло б хапіць паўнамоцтваў. Іншае пытанне. Што я не думаю, што ставіцца такая мэта, бо і Лукашэнка, і пракрор Швед кажуць, што насамрэч будзе пакаранне.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя