„Вікторыя” стала чэмпіёнам Беларусі па індорхакеі



На пляцоўцы веладрома „Мінск-Арэны” завяршыўся заключны тур чэмпіянату краіны па індорхакеі сярод жаночых каманд. Пасля двух папярэдніх тураў чэмпіянату ў вырашальную стадыю турніра выйшлі гарадзенскі „Рытм”, „Тэкстыльшчык” з Баранавіч, смалявіцкая „Вікторыя” і ХК „Мінск-1”. У першым паўфінальным матчы гарадзенкі разграмілі „Тэкстыльшчык” з лікам 6:0, другі паўфінал паміж клубамі са Смалявіч і Мінска завяршыўся на карысць „Вікторыі” – 3:2.

Серыі за першае і трэцяе месца турніру праводзіліся да дзвюх перамог, у бронзавым двубоі прадстаўніцы „Мінска-1” двойчы перайгралі „Тэкстыльшчык”. На старце вырашальнага супрацьстаяння „Вікторыя” і „Рытм” абмяняліся перамогамі 1:0 і 4:3, але ў залатым матчы адчувальна мацней апынуліся дзяўчаты са Смалявіч – 6:1.

Душак прызнаны лепшым абаронцам тыдня ў КХЛ

Кантынентальная хакейная ліга вызначыла найлепшых гульцоў 23-га тыдня рэгулярнага чэмпіянату. Лепшым гульцом абароны мінулага тыдня быў названы абаронца менскага „Дынама” Джозэф Душак, гэтага звання амерыканец удастоены другі раз у кар’еры. У трох апошніх матчах „зуброў” Душак зарабіў 6 (1+5) выніковых балаў, што стала лепшым вынікам сярод усіх палявых гульцоў лігі. На рахунку хакеіста таксама два блакіраваныя кідкі і адзін адбор шайбы. На дадзены момант у актыве Джозэфа 43 (8+35) ачкі ў 63 гульнях сезона, што з’яўляецца рэкордам „Дынама” па набраных балах для абаронцаў. За пяць матчаў да заканчэння рэгулярнага чэмпіянату КХЛ падначаленыя Крэйга Вудкрафта займаюць 8-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ. Сёння мінская каманда правядзе выязны паядынак супраць омскага „Авангарда”.

Сабаленка засталася на другім месцы ў рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка захоўвае другую пазіцыю ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Зараз у лепшай беларускай тэнісісткі 6100 ачкоў, Арына Сабаленка саступае толькі польцы Ізе Свёнтэк. Беларуска Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 17-м месцы, Аляксандра Сасновіч з 38-й пазіцыі перамясцілася на 44-ы радок. Рэйтынг Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) зноў узначаліў серб Новак Джокавіч. Лепшы з беларусаў Ілkя Івашка займае 77-е месца.

«Канзас-Сіці» перамог «Філадэльфію» і трэці раз у гісторыі стаў чэмпіёнам НФЛ

Ноччу адбыўся Супербоўл-2023 – фінальны матч сезона Нацыянальнай футбольнай лігі. «Філадэльфія Іглз» саступілі «Канзас-Сіці Чыфс» 35:38. Для іх гэта трэці тытул у гісторыі НФЛ. Гэты матч з 73 ачкамі стаў трэцім самым выніковым Супербоўлам у гісторыі. Рэкорд – 75 ачкоў у Супербоўле-1994. Падчас Супербоўла на экранах арэны выказалі падтрымку гульцам у амерыканскі футбол з Украіны, якія зараз ваююць супраць Расеі. Раней НФЛ выказала падтрымку Украіне на цырымоніі ўручэння ўзнагарод паводле вынікаў сезона.

Беларускае Радыё Рацыя