„Гомель”, „Хімік” і „Лакаматыў” перамаглі ў матчах беларускай экстралігі



Пасля перапынку на матчы зборных аднавіўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Дзеючыя чэмпіёны краіны з „Металурга” гасцявалі ў наваполацкага „Хіміка”. Асноўны час паядынку скончыўся з лікам 1:1, не выявіў пераможцу і авертайм. Серыя булітаў расцягнулася на 14 кідкоў, дакладней у пасляматчавай „перастрэлцы” апынуліся гаспадары – 2:1.

Для „Металурга” гэтая параза стала трэцяй запар, жлабінчане застаюцца ў ніжняй палове табліцы, адстаючы ад „Лакаматыва”, які ідзе шостым, на два балы. „Чыгуначнікі”, у сваю чаргу, ледзь не страцілі ачкі ў матчы супраць аўтсайдэра сезона „Магілёва”. Пасля двух перыядаў каманда з Оршы вяла 4:0, але ў фінальнай трэці „львам” удалося скараціць разрыў да мінімуму. Фінальны лік – 4:3 на карысць „Лока”. У цэнтральным паядынку вечара „Гомель” на сваім лёдзе разабраўся з „Віцебскам” – 6:3, дзякуючы чаму наблізіўся да 4-й пазіцыі паўночнікаў на адлегласць аднаго бала. Дублем за „рысей” вызначыўся Андрэй Феклістаў.

Баскетбалісты „Мінска” прайгралі „Аўтадору”

Чарговую няўдачу ў матчах рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ пацярпелі баскетбалісты „Мінска”. У Саратаве чэмпіёны Беларусі аказалі ўпарты супраціў мясцоваму „Аўтадору”, але ўсё ж саступілі з розніцай у 8 ачкоў – 70:78. У дзвюх сустрэчах першага этапа спаборніцтваў саратаўскі клуб таксама быў мацней за падначаленых Расціслава Вергуна – 97:72 (у гасцях) і 88:77 (дома). Свой наступны матч беларуская каманда правядзе 3 сакавіка на выездзе супраць „Самары”.

Футбалісты „Нёмана” сталі пераможцамі турніру ў Брэсце

Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” сталі пераможцамі перадсезоннага турніру Winter Cup, які завяршыўся ў Берасці. У вырашальным паядынку за першае месца падначаленыя Ігара Кавалевіча абыгралі берасцейскае „Дынама” 3:1. У складзе пераможцаў двойчы вызначыўся Раман Пасевіч, яшчэ адзін мяч забіў Антон Сучкоў. У берасцейцаў гол у актыве Міхаіла Гардзейчука. На гэтых спаборніцтвах „Нёман” таксама выйграў у наваполацкага „Нафтана” 4:0 і „Слуцка” 3:0. Раней гарадзенскія футбалісты былі найлепшымі на турніры ў Жодзіне.

„Баварыя” абыграла „ПСЖ”

У першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў у Парыжы мясцовы ПСЖ прайграў мюнхенскай «Баварыі» з лікам 0:1. У першым тайме каманды не змаглі вызначыцца забітымі мячамі. На 54-й хвіліне Кінгслі Коман вывеў «Баварыю» наперад, забіўшы гол у браму сваёй былой каманды. Пасля 70-й хвіліны «ПСЖ» стаў актыўна ствараць небяспечныя моманты і забіў два галы, якія былі адмененыя з-за афсайду. На 92-й хвіліне Бенжамен Павар атрымаў другую жоўтую картку, пакінуўшы «Баварыю» у меншасці. У другім матчы «Мілан» таксама мінімальна абыграў «Тотэнхэм» на стадыёне «Сан-Сіра» 1:0. Міланцы адкрылі лік у гульні на сёмай хвіліне – вызначыўся Браім Дыяс. Сустрэчы ў адказ адбудуцца 8 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя