Аляксандр Памідораў: Беларускім музыкам у выгнанні варта перш за ўсё падкрэсліваць сваю еўрапейскасць
У Кавярні Беластоцкага Тэатру Лялек прайшоў «Паслявалянцінкавы канцэрт разбітых сэрцаў» Аляксандра Памідорава. Сольны канцэрт стаў першым выступам менавіта ў Беластоку для музыкі і шоўмэна, які пасля пратэстаў 2020-га, звальнення і двух адміністрацыйных тэрмінаў з’ехаў у Польшчу.

Вольга Сямашка пагутарыла з музыкам, тэле- і радыё-вядучым і шоўмэнам Аляксандрам Памідоравам пра тое, як складаецца ягоны творчы шлях у Польшчы, ці хапае высілкаў беларускіх дыяспар і Беларускай Рады культуры на падтрымку творцаў у выгнанні, як лепш пазіцыянаваць сябе музыкам з Беларусі ў Еўропе і ці збіраецца Аляксандр Памідораў вяртацца на Радзіму.
Аляксандр Памідораў: Я вельмі рады зараз апынуцца ў Беластоку. Вельмі прыемна быць тут, бо гэтую кавярню «Лялькі» я бачыў у розных відах і розных кшталтах. Магу прыгадаць з мінулага. Гэта вельмі прыемна, вельмі люблю бываць у Беластоку.
РР: Распавядзіце падрабязней пра сваё жыццё ў Польшчы, чым займаецеся.
Аляксандр Памідораў: Працую на будоўлі, дакладней на дэмантажы аднаго дзяржаўнага аб’екту. Фізічная праца. Ну і плюс ёсць нейкія думкі. Зараз у думках адзін сцэнар, не ведаю, ці атрымаецца, гэта дакументальны фільм. Ёсць у думках гэты сцэнар і нешта трэба дапісваць, недапісанае.
РР: Ці атрымліваецца зараз займацца музыкай?
Аляксандр Памідораў: Усе пытаюцца, ці пішацца нешта новае. Я магу адказваць толькі за сябе, што ёсць нейкія накіды, якія пакуль не даходзяць да фіналу. Проста не хапае часу. Бо калі папрацуеш з адбойным малатком, дойдзеш дадому, то проста валішся без ног. Хаця чуеш сябе нармальна. Але не ў гэтым справа. Усё ж такі я аналізую свой стан, і мы так паміж сабою размаўляем, аналізуем усё, што адбылося і ўсё што адбываецца дагэтуль, гэтыя навіны, якія прыходзяць з радзімы. Калі мы з’ехалі удваіх з Юрцэвічам, у мне было ўражанне, калі я з’ехаў у снежні, што мяне адпусціла, умоўна кажучы, у лютым, гэта было памылковае ўражанне. Потым я адчуў, што мяне недзе адпусціла ў ліпені. І гэта зноў было памылковае ўражанне. Я не магу гэта назваць стрэсам. Гэта моцна б’е па нервовай сістэме, па псіхіцы. Я сваю псіхіку вельмі моцна папаліў яшчэ тым, што я вельмі добра знаёмы з дэманам пад імем Алкаголь. Але псіхіка папалена не толькі ў мяне, ва ўсіх нас. Мы ўсе інваліды. Таму калі ў гэтых умовах можа хтосьці нешта выдаваць, пісаць пра гэта, то чалавек малойца. У мяне пакуль толькі ідэйкі, намёткі, недзе 8-12 старых тэкстаў, якія проста трэба сесці і дарабіць. Але калі пачытаеш, што гэтага арыштавалі, гэтага… І што тут рабіць? Адно што сядзець на ганку і слухаць, як качкі крачуць. Канцэртаў не шмат, канцэрт граць гэта, канешне, задавальненне. Не шмат, але калі здараюцца, то вельмі супер. Здаецца, я ніколі не граў сольных канцэртаў у Беластоку. Таму гэта хіба што першы сольны выступ у Беластоку за ўсё маё жыццё. Зараз вельмі шмат беларускай і ўкраінскай публікі. Як заўсёды, польскай публікі не вельмі шмат. Цікава, што вельмі моцная і арганізаваная дыяспара ў расейцаў, якія выехалі, якія не падтрымліваюць палітыку вядомага «лайна», яны проста хаваюцца. У іх вельмі добра ўсё заарганізавана. Вельмі вялікая дыяспара ва ўкраінцаў, але яны на культуру не вельмі. З беларусамі зноў нешта не выходзіць. Нам трэба намагацца і падаваць сябе з пункту гледжання, што мы частка еўрапейскай культуры. А не «падайце, мы тут пацярпелыя». Канешне, гэта складана ў гэтых умовах.
Цалка размова:




З „Госцем Рацыі” – музыкам, тэле- і радыё-вядучым і шоўмэнам Аляксандрам Памідоравам камунікавала Вольга Сямашка.