Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Нёман” у экстралізе



У пятніцу трыма матчамі ў Берасці, Гародні і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі.

Лідар турнірнай табліцы „Нёман” прымаў трэцюю каманду сезона „Юнацтва”. Беларускае хакейнае „класіка” заіскрыла ўжо ў першым перыядзе, гаспадары закінулі мінчанам тройчы, госці ж адказалі двума дакладнымі кідкамі. У другім перыядзе супернікі абышліся без галоў, затое трэцяя 20-хвілінка зноў выдалася багатай на падзеі. Спачатку гарадзенцы адарваліся на дзве шайбы – 4:2, але гульцы „Юнацтва” здолелі зраўняць і перавесці сустрэчу ў авертайм. Хет-трык за сталічны клуб аформіў Арцём Осіпаў. Зыход сустрэчы ў выніку вырашыўся ў серыі булітаў, дзе поспех быў на баку мінчанаў. Фінальны лік – 5:4.

Матч паміж „Нёманам” і „Юнацтвам” усталяваў рэкорд наведвальнасці цяперашняга сезона Betera-Экстралігі.

Згодна з афіцыйным пратаколам сустрэчы, за прынцыповым супрацьборствам двух клубаў сачылі 2120 гледачоў. У двух іншых паядынках пятнічнай праграмы таксама не хапіла асноўнага часу для вызначэння пераможцы. „Брэст” у авертайме зламаў супраціў „Дынама-Маладзечна” – 3:2, а „Шахцёр” толькі ў серыі пасляматчавых кідкоў справіўся з „Лідай” – таксама 3:2.

Кулеш працягнуў кантракт з „Гановерам”

Беларускі паўсярэдні Уладзіслаў Кулеш працягнуў кантракт з нямецкім „Гановерам”. Новая дамова разлічана на сезон-2023/24. Для Кулеша гэта першы год у нямецкай камандзе пасля летняга пераходу з польскага „Кельцэ”. У бундэслізе і Кубку Германіі беларус згуляў 18 матчаў і закінуў 48 мячоў.

„Тэрмаліца” абыграла „Ціхі”. Паўлючэнка знаходзіўся ў запасе

Футбалісты „Тэрмаліцы” з Няцэчы абыгралі ГКС „Ціхі” 1:0 у гасцявым паядынку 20-га тура Першай лігі чэмпіянату Польшчы. Адзіны гол на свой рахунак запісаў Адам Радваньскі. Беларускі галкіпер Павел Паўлючэнка знаходзіўся на лаўцы запасных.

Каманда з Няцэчы займае шостае месца ў турнірнай табліцы, набраўшы 30 ачкоў пасля 19 матчаў. Лідыруе ЛКС Лодзь, у якога 38 ачкоў пасля аналагічнай колькасці згуляных сустрэч.

Лапцеў афіцыйна перайшоў у БАТЭ

Беларускі форвард Дзяніс Лапцеў перайшоў у БАТЭ.

Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба.

У 2021-м ён змяніў „Дынама” на „Рух”, які, дарэчы, узначальваў Кірыл Альшэўскі. Дзяніс працягваў стабільна забіваць, таму запрашэнне ў 2022 годзе ў маскоўскае „Тарпеда”, якое імкнулася ў расійскую прэм’ер-лігу, не стала нечаканасцю. Праўда, і другая легіянерская спроба атрымалася не вельмі ўдалай. І вось зараз Лапцеў вярнуўся ў Беларусь. Акрамя вырашэння галоўных камандных задач у БАТЭ, ён будзе імкнуцца аформіць прапіску ў Клубе беларускіх бамбардзіраў: на рахунку форварда 98 галоў на вышэйшым узроўні.

„Напалі” у гасцях разабраўся з „Сасуола”

Футбалісты „Напалі” ўпэўнена перайгралі „Сасуола” 3:0 ў гасцявым матчы 23-га тура чэмпіянату Італіі. Галы за «Напалі» забілі Хвіча Кварацхелія і Віктар Асімхен, які атрымаў траўму.

Шчэнсны і Улахавіч могуць пакінуць „Ювентус”

Турынскі „Ювентус”, які мае праблемы з-за расследавання фінансавых парушэнняў у клубе, можа страціць адразу некалькіх лідэраў, сярод іх польскі брамнік Войцэх Шчэнсны і форвард Душан Улахавіч.
Па версіі крыніцы, усё будзе залежаць ад таго, ці трапіць „Старая сіньёра” ў еўракубкі. Калі турынцы не будуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, клуб, верагодна, не зможа дазволіць сабе плаціць вялікія заробкі. Тады сыход паляка і серба з клуба стане неабходнасцю.

НБА прадставіла топ-60 лепшых момантаў у кар’еры Майкла Джордана

У гонар 60-гадовага юбілею Майкла Джордана, НБА прадставіла падборку 60-ці лепшых момантаў у яго выкананні.

За час выступу ў лізе Джордан шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам і MVP фінальнай серыі, пяць разоў выйграваў узнагароду MVP рэгулярнага чэмпіянату, 14 разоў прымаў удзел у Матчах усіх зорак, быў прызнаны Лепшым абарончым гульцом. Акрамя таго, у складзе зборнай ЗША двойчы станавіўся алімпійскім чэмпіёнам.

Беларускае Радыё Рацыя