Вячаслаў Сікора: Мы здымалі гэтую стужку, каб дапамагчы Украіне



Першыя ўзнагародны на фестывалях ды першыя прыватныя прагляды. Беларускі рэжысёр Вячаслаў Сікора распавядае пра поспехі свайго фільма «Руzzкі свет».

Падзеі ў фільме адбываюцца ў Беларусі і ва Украіне, ён зняты збольшага ў Беластоку, там таксама выкарыстоўваюцца рэальныя кадры з украінскай вайны. Галоўны герой – расейскі вайскоўца, гаворыць штампамі прапаганды і спрабуе сілай дабіцца жанчыны, якой ён агідны. Першыя дзве ўзнагароды фільм атрымаў на фестывалях у Амерыцы, расказвае рэжысёр:

-Бо Канада, Амерыка, Англія зараз чакаюць фільм. Бо я некалькі кавалачкаў выклаў у сацсетках. Маем ужо ўзнагароды на фестывалях, першыя ў Чыкага. Лепшая драма ў Амерыцы – на фестывалі ў Чыкага. Найлепшы фільм з усіх фільмаў – у Нью-Ёрку. Каля дзясятка фестываляў, якія ўжо прынялі фільм – гэта сакавік, красавік, травень, чэрвень. Мы гэтую стужку здымалі для таго, каб дапамагчы Украіне.

А таму на праглядах збіраюцца грошы, якія ідуць на дапамогу вайскоўцам, як украінскім, так і беларускім, якія змагаюцца на тэрыторыі Украіны супраць расейскай агрэсіі. Фестывальнае кіно нельга выдаваць ў шырокі пракат, як выйсце – закрытыя паказы.

Першы сёння адбудзецца ў Канадзе. Падрабязнасці расказвае рэжысёр Вячаслаў Сікора: 

-У Канадзе ў суботу будзе першы паказ фільма «Руzzкі свет». Закрыты паказ сярод беларусаў і канадцаў, таму што яны кажуць: а стужка на расейскай мове? Я кажу: на расейскай, але ёсць і ангельскія субцітры. О, добра, кажуць, то мы яшчэ тых, хто спагадае, прывядзём.

У калекцыі Вячаслава Сікоры некалькі творчых прац, сярод якіх дакументалка аб Майдане ва Украіне. З-за пагрозы пераследу пасля выбараў-2020 ён пакінуў Беларусь. Летась на Сікору завялі крымінальную справу за распальванне варожасці, паклёп і абразу ўлады і абвясцілі ў міжнародны вышук.

Беларускае Радыё Рацыя