Піт Паўлаў: Веру ў перамогу ўкраінцаў і ўсё, што ў маіх сілах, буду рабіць для гэтай перамогі



Беларускі рок-гурт “N.R.M.” хутка зайграе ў Варшаве свой першы за 15 год канцэрт. Да таго ж калектыў цяпер актыўна рыхтуе да выхаду новы альбом.

Лідар бэнду, які ўвосені рэлакаваўся ў Варшаву, зазначыў, што апошнім часам жыццё насамрэч змянілася. “І не толькі нашае, музычнае. Для Беларусі наогул цяпер вельмі адметны час”, – падкрэсліў творца.

Піт Паўлаў: Вялікае дасягненне – у нас нарэшце ёсць адзіны легітымны, абраны ўсімі намі, як мы лічым, лідар. Гэта – Святлана Ціханоўская. Але, натуральна, ёсць вялікая колькасць амбітных людзей, якіх не задавальняе гэтае становішча, калі мала што адбываецца. Адразу скажу, зрабіць болей, чым Святлана Ціханоўская, было немагчыма. Я не мог сабе ўявіць і сотай часткі таго, што зрабіла яна. Але ўсё роўна, здаецца, што трэба было нейкім чынам, нікому не зразумелым чынам, перамагчы. То бок напэўна Франак Вячорка павінен быў засіліць Лукашэнку. Ці павінны былі зрабіць ляльку-Вуду, і Ціханоўская прабіла б іголкай ёй сэрца. Такіх рэчаў не было зроблена. Я проста ведаю, што іх не было як зрабіць. Проста калі няма выніку і калі сітуацыя расцягнулася на два з паловай гады… Але тое, што няма адзінага ядра, гэта нармальна. Таму зараз няма акрэсленай мэты. Мэта выглядае – скінуць Лукашэнку.

У 20-ым годзе мы бачылі, як ён падае, бачылі, як працоўныя на заводзе яго паслалі ў вочы. Зараз іншае сітуацыя, кожны ўладкоўвае сваё жыццё, таму здаецца, што няма еднасці. На мой погляд, мэта нікуды не падзелася. Усе хочуць аднаго і таго ж. Проста зараз усе шукаюць тактычныя падыходы.

Полк Каліноўскага – гэта проста героі. Яны гатовы аддаць сваё жыццё. Мы тут у мірнай краіне ўладкоўваем сваё жыццё. І наша галоўная праблема – калі ўжо дадуць сталы побыт. Калі ўжо атрымаецца натуралізаваць свой бізнес. А яны кожны дзень вырашаюць, як уратаваць сваё жыццё, застацца жывым, перамагчы і потым перанесці сваю матывацыю і веды ў родную краіну. Таму яны нашыя героі. Але ёсць адна рэч, якую ніхто не разумее. Што ўкраінцы не бяруць новых беларусаў. Мяне туды не возьмуць. Тыя, хто там ваюе, гэта тыя, хто там ваюе з 2014 года. Калі трапіць у шэрагі ЗСУ было лёгка. Гэтыя людзі жывуць украінскай рэчаіснасцю. Яны бачаць усё вачыма украінцаў. А ва Украіне была гэтая думка, што вы ў белых шкапэтках на лаўкі станавіліся, вы не перамаглі. А вось мы перамаглі. Гэта – лухта. Яны перамаглі таму, што Януковіч збег. А насамрэч ніякай перамогі не адбылося. І зараз у іх ідзе вайна, і яны ў ёй перамогуць, і ўвесь свет ім дапаможа. І я ўсё што магу зраблю для іхняй перамогі. Але яны мусяць зразумець, што гэта вынік недакладных дзеянняў. Усіх. Усяго свету. Беларусы ўсё зрабілі максімальна добра, як маглі зрабіць. У нас працэс гэты пачаўся раней, чым у іх. І мы кідалі бутэлькі і брукаванку ў свой амон на 5 гадоў раней, чым украінцы. Гэтыя кадры ёсць у інтэрнэце. Проста наш рэжым значна мацнейшы за іхны.

Пра сваё цяперашняе жыццё, а таксама ўласны светапогляд на палітычна-грамадскія падзеі Піт Паўлаў распавядзе ў аўтарскай праграме Марыны Савіцкай “Маніфест”. Пачуць выпуск праекту і паглыбіцца ў сусвет музыкі можна ўжо ў 16:06 па польскім часе (альбо 18:06 па беларускім).

Беларускае Радыё Рацыя