У ЗША з’явяцца муралы на беларускую тэматыку
У Амерыцы з’явяцца муралы на беларускую тэматыку. Такі праект у нашым эфіры анансаваў дырэктар у справе культурніцкай дыпламатыі Рады Беларускай культуры Алесь Чахоўскі.

Ёсць першыя папярэднія дамоўленасці, планы і амбітныя мэты – стварыць такія муралы супольна з амерыканскімі мастакамі ў буйных гарадах.
Кажа Алесь Чахоўскі:
– Кожны дзень адбываюцца нейкія крокі для ўсталявання стасункаў з тымі, хто можа падтрымліваць беларускую культуру і прасоўваць беларускія культурніцкія праекты, а разам з гэтым займацца прамоцыяй і адвакацыяй Беларусі. Мы папярэдне дамовіліся з нашымі амерыканскімі партнёрамі, што ў кожным буйным горадзе з’явіцца мурал, але можа гэта і занадта амбітна.
Стаўку ў Беларускай радзе культуры робяць на буйныя гарады і разлічваюць рэалізаваць праект, як мінімум у дзясятку з іх, кажа прадстаўнік арганізацыі Алесь Чахоўскі. Беларуская Рада Культуры — гэта аб’яднанне дзеячаў культуры для падтрымкі актуальнай творчых праектаў і спрыянню зменаў у грамадстве праз культуру.
Беларускае Радыё Рацыя