Экс-амбасадара Астапенку асудзілі на 5 гадоў і амніставалі



Былога амбасадара Беларусі ў Аргентыне і намесніка кіраўніка прадстаўніка НАУ Уладзіміра Астапенкі судзілі ў Беларусі за «замах на завалоданне маёмасцю ў буйным памеры, здзейсненае службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў». У рамках спецвытворчасці яго прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса, паведамляе reform.by.

Суд Савецкага раёна Менска прыгаварыў яго да 5 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў 500 базавых велічынь (18 500 рублёў) з пазбаўленнем права 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Абвінавачанне падтрымлівала Генпракуратура.

Па законе „Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства” Астапенка вызвалены ад асноўнага пакарання на 1 год.

Яго зямельны ўчастак і садовы дом пакінуты пад арыштам у лік забеспячэння выканання прыгавору ў частцы выплаты штрафу.

Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Нагадаем, справа была звязана з вяртаннем экс-амбасадара з Аргенціны пасля адстаўкі. Да яго ўзніклі прэтэнзіі з-за таго, што ён не вярнуўся ў Менск, а прыляцеў у Варшаву. Як тлумачыў Астапенка, ён дабраўся толькі да Варшавы з-за закрытай у перыяд пандэміі беларускай мяжы.

Уладзімір Астапенка працаваў паслом Беларусі ў Аргенціне. Пасля выбараў 2020 года ён падаў заяву аб адстаўцы. У лістападзе Аляксандр Лукашэнка вызваліў яго ад пасады і пазбавіў дыпламатычнага рангу надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара. Астапенка далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), а затым да Аб’яднанага пераходнага кабінета. У кастрычніку 2022 года ён узначаліў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі.