Лябедзька: Для нас вельмі важна атрымаць афіцыйны статус у Парламенцкай асамблеі Еўранест



На сувязі з нашым радыё Кішынёў і наш суразмоўца – Анатоль Лябедзька – дарадца Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы, які  бярэ ўдзел у  Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства Еўранест.

РР: Гэта 10-я чарговая сесія Парламенцкай асамблеі. Вядома, што яшчэ ў 2021 годзе афіцыйны Менск выйшаў з Усходняга партнёрства. Але Беларусь, усё ж такі, у вашай асобе на ім прадстаўлена. Чым вы займаецеся?

Анатоль Лябедзька: Я з нашымі калегамі прысутнічаў на паседжанні самай буйной фракцыі – Еўрапейскай народнай партыі. Абмяркоўвалася павестка дня Парламенцкай асамблеі Еўранест. Для нас зараз вельмі важна атрымаць афіцыйны статус у Парламенцкай асамблеі Еўранест. Для Беларусі тут зарэзерваваныя 10 месцаў. І першы крок зроблены. Гэта другая запар сесія, калі запрашаюцца прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, палітычных партый. Я думаю, што блізка той час, калі будзе прынятае рашэнне, і нам будзе дадзены пэўны статус ці наглядальнікаў, ці адмыслова запрошаных. Але ўжо ёсць магчымасць працаваць. І мы працуем. Напрыклад, учора была дыскусія па планах рэжыма ў Беларусі зачысціць палітычную прастору ад апазіцыйных партый. І я думаю, што заўтра будзе прынята рэзалюцыя, у якой будзе пункт, які будзе сведчыць, што нягледзячы на тое, што партыі ў Беларусі могуць закрыць, для іх застанецца міжнароднае прызнанне, міжнародная легітымнасць. Еўрапейская народная партыя будзе прапаноўваць сваім калегам, каб яны па-ранейшаму прызнавалі апазіцыйныя палітычныя партыі з Беларусі як легітымныя. Каб рашэнне, прынятае ўнутры краіны, не мела ніякіх прававых наступстваў. Так што ёсць і першыя вынікі нашай працы ў Кішынёве.

РР: На гэтым тыдні з’явіліся паведамленні, што Польшча закрыла пункт пропуску “Баброўнікі”, потым літоўскі пункт пропуску “Стасілас” увёў абмежаванні. Кажуць, што гэтая палітыка можа і далей пашырыцца. На вашую думку, наколькі гэта дзейсная мера і ці сапраўды яна можа паўплываць на афіцыйны Менск?

Анатоль Лябедзька: Час пакажа. Канешне, Беларусь – гэта транзітная краіна. І на транзіце яна зарабляе. Таму любыя абмежаванні ствараюць галаўны боль для рэжыму. Наколькі гэта эфектыўна? Зноў жа, пэўныя санкцыі Захаду, якія ўводзіліся, не прынеслі плёну. А зараз мы бачым, што тыя санкцыі, якія дастаткова балючыя для рэжыму, хочуць змякчыць або адмяніць. І тут уключаюцца такія гульцы, як ААН, Венгрыя, частка краін Еўропы, і ідзе моцны ціск на тую ж самую Літву, якая трымаецца вельмі жорсткай пазіцыі па транзіце, датычным калійных угнаенняў. І зараз , наколькі я ведаю, прымаюцца захады, каб зняць персанальныя санкцыі з кірўніка “Белкалія” і з Гуцэрыева. Таму, з санкцыямі не так усё проста. Адны краіны – за ўзмацненне санкцыйнага рэжыму, другія – за змякчэнне. Гэтая супярэчнасць ужо ёсць і яна дае пэўную магчымасць, прастору, каб Лукашэнка спрабаваў гуляць, выкарыстоўваючы такія краіны, як Венгрыя.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Array