Суд над Паўлам Белавусам зрабілі закрытым (абноўлена)
Першапачаткова суд быў у адкрыты, але ў самым пачатку судовага паседжання дзяржаўны абвінаваўца заявіў хадайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме «з мэтай прадухілення разгалошвання інфармацыі, размешчанай у крыніцах, прызнаных экстрэмісцкімі».
Суд задаволіў гэта хадайніцтва.

„Распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму”. У Менскім гарадскім судзе сёння распачынаецца суд над палітзняволеным заснавальнікам крамы Symbal.bу і культурніцкім мэнэджэрам Паўлам Белавусам. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за „здраду дзяржаве”.
У абвінавачванні гаворыцца, што Павел „распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму”, вёў „антыдзяржаўную дзейнасць”, „стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы”. Таксама Паўла абвінавачваюць у „кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем” — «Беларускай Радай культуры”, якая была прызнана „фармаваннем”, калі палітвязень ужо як сем месяцаў утрымліваўся пад вартай.
Працэс будзе весці суддзя Жанна Брысіна пакуль у адкрытым рэжыме. За кратамі Павел утрымліваецца адзін год і тры месяцы, яму пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.