Азаранка паднялася на тры пазіцыі, Сабаленка па-ранейшаму другая ў рэйтынгу



Беларуска Вікторыя Азаранка ўзнялася на тры пазіцыі ў новым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Тыдзень таму экс-першая ракетка планеты была 17-й, а зараз перамясцілася на 14-е месца, у актыве Вікторыі Азаранкі 2192 ачкі. Лепшая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка засталася на другім радку, маючы 6100 ачкоў. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 43-м месцы. Першае месца па-ранейшаму ў полькі Ігі Свёнтэк. На гэтым тыдні беларускі прымуць удзел у буйным турніры катэгорыі WTA-1000 у Дубаі.

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) лідыруе серб Новак Джокавіч. Лепшы з беларускіх тэнісістаў Ілля Івашка знаходзіцца на 79-й пазіцыі, маючы 651 ачко. Сёння ён стартуе на турніры АТР-250 у катарскай Досе.

Шаранговіч прыняў удзел у пераможнай сустрэчы „Нью-Джэрсі” з „Вініпегам”

У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Нью-Джэрсі” на хатняй арэне перамог „Вініпег” — 4:2. У беларуса Ягора Шаранговіча перарвалася серыя з трох запар гульняў, на працягу якіх ён набіраў ачкі. Наш нападнік правёў на лёдзе 17 хвілін 55 секунд. У яго тры страты, адзін перахоп, адзін заблакаваны стрэл і паказчык карыснасці „-1”.

Стась пераадолеў адзнаку ў 800 матчаў у КХЛ

Беларускі форвард Андрэй Стась правёў 800-ты матч у КХЛ. Нападнік стаў шостым гульцом у гісторыі лігі, які дасягнуў гэтай адзнакі. Стась набраў 176 (68+108) балаў у КХЛ. Беларус гуляў у лізе за мtнскае „Дынама”, ЦСКА, „Нафтахімік” і „Авангард”, а цяпер выступае за „Трактар”.

Арбітр Дзмітрый Доля завяршыў судзейскую кар’еру

Рэферы Дзмітрый Доля больш не будзе судзіць матчы чэмпіянату і Кубка Беларусі па футболе. Рашэнне завяршыць кар’еру не звязана з інцыдэнтам у кастрычніку мінулага года, калі ён страціў прытомнасць падчас матчу БАТЭ з берасцейскім „Дынама”. Прычына – даўнія праблемы з ахілам. Доля, які ўчора адсвяткаваў 43-ці дзень нараджэння, працягне працаваць інструктарам-метадыстам у гарадзенскім ГАКЦАРы. Таксама ён мае намер застацца ў судзействе ў якасці інспектара, паведамляе тэлеграм-канал Bysport. На рахунку Дзмітрыя 140 матчаў на вышэйшым узроўні (119 у чэмпіянаце і 21 у Кубку Беларусі).

Чамені і Кроас не дапамогуць „Рэалу” ў матчы Лігі чэмпіёнаў супраць „Ліверпуля”

Хаўбекі „Рэала” Арэльен Чуамені і Тоні Кроас адсутнічаюць у заяўцы „Рэала” на матч 1/8 фінау Лігі чэмпіёнаў супраць „Ліверпуля”. У Англію адправіўся ўладальнік „Залатога мяча-2022” Карым Бензема, які прапускаў паядынак супраць „Асасуны” з-за траўмы. Першая сустрэча паміж „Ліверпулем” і „Рэалам” пройдзе заўтра на „Энфілдзе”.

Каманда Яніса мацней за каманду Леброна

У НБА прайшоў зорны ўік-энд. Цэнтральнай падзеяй стала гульня паміж камандамі, лідарамі якіх былі два наймацнейшыя лёгкія форварды лігі — Янісам Антэтакумпа і Леброн Джэймс. Каманда Яніса перамагла – 184:175.

Беларускае Радыё Рацыя