«Потерь нет»



Ва ўмовах поўнамаштабнай вайны многія сферы жыцця ўкраінцаў сталі на паўзу. У лепшым выпадку – рухаюцца, як у запаволенай здымцы. Украінскай кінаіндустрыі, якая ў апошнія гады так імкліва развівалася, таксама прыйшлося зменшыць тэмп і адаптавацца да цяперашніх падзей. Але яна не спынілася. Хоць пад гукі сірэн і выбухаў прайсці працэс ад і да практычна немагчыма, у дадатак спынена дзяржфінансаванне, усё ж сцэнарысты і рэжысёры знаходзяць сілы і сродкі для выпуску кіно.

Калі дакументальныя фільмы здымаюцца на перадавой лініі фронту, фіксуюць ваенныя злачынствы ў дэакупаваных гарадах, для іх штодзень ёсць актуальны матэрыял і пры гэтым не патрэбны вялікі персанал і шмат абсталявання, то перад мастацкімі фільмамі стаяць іншыя мэты: вораг напаў не толькі на тэрыторыю і народ, сама ўкраінская культура і ідэнтычнасць знаходзяцца пад пагрозай. І праз украінскія фільмы неабходна гэтую ідэнтычнасць захаваць. У Чарнігаве выйшаў кароткаметражны фільм „Потерь нет”. Назва менавіта па-расейску, таму што гэты выраз стаў мемам ад Мінабароны РФ, якое да апошняга ўпарта не прызнавала страт сваёй арміі.

У фільме задзейнічаны як прафесійныя акторы, так і рэальныя воіны ВСУ, ваенныя медыкі і валанцёры. Напрыклад, ваенны медык на здымачнай пляцоўцы быў не толькі кансультантам, але і выканаў ролю самога сябе. Сцэнарый быў напісаны за два тыдні, якраз у той час, калі Чарнігаў быў у блакадзе, і ўжо падчас здымак мяняўся некалькі разоў – то з’яўляліся новыя факты, то адбываліся падзеі, якія ўплывалі на сюжэт. У фінальных сцэнах засталося мала ад першапачатковай задумкі. І яшчэ была адна праблема: акторы не хацелі граць расейскіх вайскоўцаў. То бок, спачатку згаджаліся на ролю, а праз нейкі час давалі адмову і тлумачылі, што проста не могуць праз сябе пераступіць.

Адна з такіх роляў дасталася прадзюсеру фільма. Яго персанаж – лейтэнант арміі РФ – беспрынцыповы кар’ерыст, абыякавы да жыццяў іншых людзей. Каб выканаць ролю, прадзюсару прыйшлося грунтоўна падрыхтавацца: глядзець новыя прапагандысцкія фільмы і аматарскія запісы расейскіх вайсковых часоў чачэнскіх войн. Толькі пасля здымак хацелася як мага хутчэй змыць бруд ад формы расійскага лейтэнанта. А колькі яшчэ будзе знята дзясяткаў поўнаметражных фільмаў аб гэтай вайне, сотні актораў пераапрануцца ў варожую форму, і ўкраінскія кінапрэм’еры зоймуць годнае месца на міжнародных фестывалях.

Ліза Ахроменка