Якім будзе статус спартоўцаў РФ і Беларусі на Алімпіядзе?
Урады больш як 30 краін, уключаючы ЗША, Вялікабрытанію, Францыю, Канаду і Германію, звярнуліся да Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) з просьбай удакладніць вызначэнне фармулёўкі „нейтральны атлет” адносна расейскіх і беларускіх спартоўцаў у сувязі з іх магчымым допускам да летніх Алімпійскіх гульняў ў Парыжы. Пра гэта паведамляе Associated Press.
„Да таго часу, пакуль гэтыя фундаментальныя пытанні і істотная адсутнасць яснасці і канкрэтных дэталяў адносна прыдатнасці мадэлі „нейтралітэту” не будуць вырашаны, мы не згодныя з тым, што расійскім і беларускім спартоўцам трэба дазваляць вярнуцца да спаборніцтваў”, — гаворыцца ў лісце ўрадаў.
Раней МАК настойліва рэкамендаваў кааліцыі краін, якая выступае супраць удзелу Расеі і Беларусі ў Алімпіядзе ў Парыжы, не падпісваць сумесную дэкларацыю з патрабаваннем пра нядопуск спартоўцаў да Гульняў 2024 года.
Азаранка перамагла на старце турніру ў Дубаі
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/16 фіналу турніру катэгорыі WTA-1000 у Дубаі з прызавым фондам 2 мільёны 700 тысяч даляраў. У паядынку 1/32 фіналу Азаранка ўпэўнена перайграла расійскую тэнісістку Анастасію Паўлючэнкаву – 6:3, 7:5. У другім раундзе беларуска сустрэнецца з амерыканскай тэнісісткай Амандай Анісімавай.
Яшчэ адна беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч таксама прабілася ў 1/16 фіналу, перамогшы прадстаўніцу Іспаніі Рэбеку Машараву. У другім раундзе Сасновіч будзе супернічаць з амерыканскай тэнісісткай Кока Гаўф. Другая ракетка планеты Арына Сабаленка пачне выступы з 1/16 фіналу, дзе яе чакае сустрэча з амерыканкай Лорын Дэвіс.
„Вітэн” і „Сталіца” згулялі ўнічыю ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Аршанскі „Вітэн” і „Сталіца” не выявілі пераможцу ў матчы 15-га тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Пасля першага тайма сустрэчы ў Оршы мінчане выйгравалі 1:0, але ўтрымаць перамогу не змаглі. У пачатку другой паловы гульні гаспадары аднавілі раўнавагу ў ліку пасля дакладнага ўдару навабранца каманды Максіма Конава – 1:1. Вынікі астатніх сустрэч 15-га тура: светлагорскі ЦКК прайграў БЧ (Гомель) – 3:4, „Дынама-БНТУ” было разгромлена „Мінскам” – 0:5, гарадзенскае „УУС-Дынама” саступіла „Барысаву” -900″ з лікам 2:4, а сталічная „Ахова-Дынама” абыграла яшчэ адну сталічную каманду „Дарожнік” – 6:3.
У Неймара частковы разрыў звязкаў сустава
У нападніка „ПСЖ” Неймара дыягнаставаны частковы разрыў звязкаў галёнкаступнёвага сустава, сцвярджае L’Equipe. Чакаецца, што 31-гадовы бразільскі форвард прапусціць 3-4 тыдні. Дакладныя тэрміны стануць зразумелыя пасля паўторнага абследавання, якое пройдзе праз 48 гадзін. „ПСЖ” правядзе матч у адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў на выездзе з „Баварыяй” 8 сакавіка. У першым матчы парыжане, нагадаю, прайгралі на сваім полі з лікам 0:1.
У топ-50 самых высокааплатных хакеістаў КХЛ няма гульцоў мінскага „Дынама”
Сталі вядомы заработныя платы самых высокааплатных хакеістаў КХЛ. Першае і другое месца падзялілі нападнікі: канадзец Корбат Найт з „Авангарда” і расеец Максім Шалуноў з „Лакаматыва”. Яны атрымліваюць па 90 мільёнаў расейскіх рублёў.
Пазіцыі з трэцяй па пятую занялі форвард „Трактара” Антон Бурдасаў, капітан „Ак Барса” Аляксандр Радулаў і нападнік „Авангарда” Уладзімір Ткачоў. Іх заработная плата – 80 млн рублёў за сезон, паведамляе „Спорт-экспрэс”.
Самы высокааплатны хакеіст менскага „Дынама” нападнік Раян Спунэр з заробкам 35 мільёнаў рублёў знаходзіцца ў гэтым спісе ў канцы першай сотні.
Беларускае Радыё Рацыя