Павел Усаў: Мы назіраем вяртанне ЗША ў глабальную палітыку



Учора прэзідэнт ЗША Джо Байдэн здзейсніў нечаканы візіт у Кіеў. У панядзелак вечарам ён прыехаў з Кіева ў Варшаву. Як паведамляюць СМІ, графік візіту Байдэна ў Польшчу спецыяльна звярстаны так, каб яго выступ у цэнтры Варшавы пачынаўся пасля заканчэння пуцінскага паслання.

У нашым эфіры гэтыя візіты пракаментаваў палітолаг Павел Усаў.

РР: Пачнем з учарашняга візіту Джо Байдэна ў Кіеў. Усе кажуць, што гэта палітычная гульня з Уладзімірам Пуціным. І тут Байдэн нібыта перамог Пуціна ў гэтай гульні.

Павел Усаў: Гульня вядзецца па ўсіх накірунках. Вайна – гэта таксама гульня, геапалітычныя працэсы таксама можна расцэньваць як гульню. Толькі ў гэтых гульнях гінуць людзі і лёсы цэлых краін. І такі крок, які быў зроблены Байдэнам, таксама частка гульні, вялікага геапалітычнага змагання паміж РФ з аднаго боку і ЗША з Захадам – з другога. Сам прыезд ва ўмовах вайны – гэта вельмі важны і пераломны гістарычны крок. Які ў сэнсе сімвалічным, палітычным, ідэйным нават больш важны, які можна параўнаць з хаймерсамі ці самалётамі, якіх чакае Украіна. Бо гэта азначае, што ЗША акрэслілі свае прыярытэты, што Украіна ўжо не разглядаецца часткай нейкага “рускага свету”, гэтая краіна і народ разглядаюцца несумнеўна як частка заходняй цывілізацыі. І гэты крок азначае, што асноўныя прыярытэты ў перспектыве будуць скіраваныя на тое, каб Украіна далучылася да вайсковых, эканамічных, палітычных саюзаў, на якіх будуецца сёння заходняя цывілізацыя, уключна з НАТА і ЕЗ. Пытанне нейтральнасці Украіны ці інтарэсаў Расеі ва Украіне ўжо не разглядаюцца. Бо, як мы ведаем, вайна якраз і пачалася з таго, што РФ акрэсліла Украіну сваім геапалітычным прыярытэтам. І гэта лагічна абумовіла тое, што адбылося і ў 2014, і ў 2022 годзе.

Зараз ужо відавочна, што гэта не толькі вайна Украіны супраць Расеі, гэта вайна ідэйная, духоўная, цывілізацыйная вайна Захаду, свету дэмакратычнага са светам аўтакратыі, дыктатуры, якая атаясамліваецца з Расеяй, і ў саюзе з тым жа Іранам і Кітаем. І перамога ў гэтай вайне супраць новай фазы аўтарытарызацыі свету, канешне, будзе моцным ударам па агульным аўтарытарызме. Зараз асноўны цяжар кладзецца на плечы Украіны. Але візіт Байдэна ў перыяд цяжкіх баёў на Данбасе, і напярэдадні гадавіны пачатку вайны і тых планаў, якія РФ рыхтуе на 24 лютага, як кажуць, новы контрнаступ, гэта быў вельмі важны крок.

РР: У 17.30 па польскім часе выступае Байдэн у Варшаве. Візіт Байдэна ў Польшчу – гэта важней за візіт ва Украіну ці не?

Павел Усаў: Гэта два вельмі важных візіты. Канешне, у сэнсе супрацьстаяння і вайны вельмі важны быў візіт у Кіеў, і зараз візіт у Варшаву падаецца нібы другасным. Але я лічу, што будуць сёння сказаны вельмі важныя і моцныя словы. Пасланне свету. Байдэн ужо з такой прамовай выступаў год таму. Але думаю, што зараз амерыканскі прэзідэнт будзе значна больш мацнейшы ў сваіх выказваннях. І будуць агучаны прыярытэты ЗША, ён будзе казаць ад імя ўсяго дэмакратычнага свету. Я думаю, што будуць зроблены вельмі жорсткія заявы, акрэслены мэты і прыярытэты. І адным з іх будзе тое, што ЗША не дазволяць, каб Расея перамагла ва Украіне. І будуць агучаны гарантыі таго, што ЗША, як і заходні свет, будуць падтрымліваць Украіну. Мы назіраем вяртанне ЗША ў глабальную палітыку. Амерыка выходзіць яшчэ раз на гістарычную арэну ўжо ў новым кшталце, у тым, якім яна была ў 80-я гады падчас “халоднай вайны”, але з большым духовым патэнцыялам.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Array