Агляд прэсы: у патрэбныя час і месцы



Расея плануе анексаваць Беларусь да 2030 года. У чым сімвалізм візіта Байдэна ў Кіеў? Кітайская мірная ініцыятыва ў вайне ва Украіне. Лёс пратакола па Паўночнай Ірландыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„Расея плануе анексаваць Беларусь і ўвабраць яе ў склад Расейскай Федэрацыі да 2030 года, гаворыцца ў дакуменце, які прасачыўся з адміністрацыі Уладзіміра Пуціна. Сакрэтнае дасье, як паведамляецца, датаванае летам 2021 года, змяшчае план пранікнення ў Беларусь як палітычнага, эканамічнага, так і ваеннага”, – піша брытанская газета Metro.

„Згодна з атрыманым дакументам, канчатковай мэтай з’яўляецца стварэнне так званай «саюзнай дзяржавы» паміж Расеяй і Беларуссю не пазней за 2030 год. У дакуменце вельмі падрабязна прапісаны кожны этап плана, у тым ліку «гарманізацыя» беларускага заканадаўства з заканадаўствам Расейскай Федэрацыі. Нягледзячы на тое, што абедзве краіны ўжо фармальна ўваходзяць у так званую «саюзную дзяржаву» паводле пагаднення 1999 года, дэталі плана, які прасачыўся, ліквідуюць усе рэшткі суверэнітэту Беларусі і перададуць Маскве поўны кантроль над яе сельскай гаспадаркай, прамысловасцю і войскам. План таксама ўяўляе вялікую пагрозу бяспецы для суседніх з Беларуссю дзяржаў Літвы і Польшчы, якія з’яўляюцца членамі НАТА і ЕЗ і становяцца непасрэднымі суседзямі Расеі. Аўтарам дакумента з’яўляецца падраздзяленне офіса Пуціна, група, якой даручана ажыццяўляць кантроль над суседнімі краінамі, якія Расея бачыць у сваёй сферы ўплыву: Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Беларуссю, Украінай і Малдовай. Адначасова замежныя і вайсковыя службы Расеі — ФСБ, СВР і ГРУ — актыўна спрыялі плану анэксіі. У адрозненне ад іншых шасці былых савецкіх дзяржаў, Беларусь ніколі не прымала дэмакратыю заходняга тыпу пасля падзення Берлінскай сцяны, а замест гэтага больш за тры дзесяцігоддзі жалезнай рукой ёю кіраваў Аляксандр Лукашэнка, верны саюзнік Расеі, вядомы як «апошні дыктатар Еўропы», – паведамляе брытанскае выданне.

Напярэдадні гадавіны расейскага ўварвання ва Украіну прэзідэнт ЗША Джо Байдэн наведаў з візітам Кіеў, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Байдэн запэўніў Зяленскага ў тым, што ЗША прадоўжаць падтрымліваць Украіну, у тым ліку і ўзбраеннямі. З Кіева прэзідэнт ЗША накіраваўся ў Варшаву. Еўрапейская прэса піша пра тое, якія сігналы, і каму, былі дасланыя Байдэнам падчас яго нечаканага візіту ва ўкраінскую сталіцу. Як адзначае нямецкая газета Der Tagesspiegel, фокус амерыканскай палітыкі ў дачыненні да Еўропы зрушыўся на ўсход.

«Сваю вялікую прамову аб вайне Байдэн вымавіў у Варшаве. Там жа ён сустрэнецца з прэзідэнтамі «бухарэсцкай дзявяткі» (Балгарыя, Эстонія, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Славакія, Чэхія і Венгрыя). Берлін, Парыж ці Лондан у спісе турнэ на гэты раз не значацца. Вольная частка Ўкраіны здабыла цяпер тыя самыя ролю і аўру, якія ў гады халоднай вайны былі ў Заходняга Берліна. А прыфрантавымі дзяржавамі Захаду зараз з’яўляюцца ўсходнія саюзнікі. Ні ЕЗ, ні Заходняя Еўропа не ў стане ў адзіночку гарантаваць іх бяспеку. Свае надзеі гэтыя народы ўскладаюць на ЗША», – канстатуе нямецкае выданне.

На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы міністр замежных спраў КНР Ван І аб’явіў аб тым, што 24 лютага Кітай прадставіць сваю ініцыятыву па дасягненні міру ва Украіне. Падрабязнасцяў Ван І прыводзіць не стаў. Аднак у той жа самы час, па словах дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена, Кітай разглядае варыянт паставак Расеі ўзбраенняў. Аглядальнікі разважаюць над тым, ці падыходзіць Кітай на ролю пасярэдніка, і чым прадыктавана гэтае яго імкненне. «Будучы стратэгічным партнёрам Расеі, Кітай у любым выпадку гуляе ключавую ролю», – адзначае брытанская газета The Spectator.

«Калі Кітай адкрыта ўстане на бок Масквы, то ён больш прайграе, чым выйграе – не ў апошнюю чаргу таму, што аб’ём гандлю Кітая з ЗША складае больш за 1,5 трыльёны даляраў, а з Расеяй – усяго толькі 100 мільярдаў. Сі Цзіньпіну было б слушна па-ранейшаму не аказваць Маскве сур’ёзнай ваеннай падтрымкі, а замест гэтага спрабаваць адыгрываць канструктыўную ролю ў заключэнні пасляваеннага пагаднення, у якім Кітай мог бы выступіць у якасці асноўнага гаранта тэрытарыяльнай цэласнасці Расеі ў будучыні, што ў сваю чаргу дазволіла б Пуціну выйсці са сваёй катастрафічнай украінскай кампаніі, хоць неяк захаваўшы твар», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Па сканчэнні трох гадоў пасля выхаду Злучанага Каралеўства з Еўразвяза нарэшце намеціліся зрухі па пытанні Паўночнай Ірландыі. У пятніцу прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак прадставіў лідэрам найважнейшых палітычных партый Паўночнай Ірландыі праект новага пагаднення з Еўрасаюзам наконт статусу брытанскай часткі вострава. Як зазначае прэса, гэты крок даўно наспеў. «Урэгуляванне спрэчкі з ЕЗ дапамагло б торы ўмацаваць свае пазіцыі на ўнутрыпалітычнай арэне», – піша ірландская газета Irish Examiner.

«Калі Сунаку атрымаецца дасягнуць гэтай дамоўленасці, то ў яго ўжо будзе нагода сябе павіншаваць. На фоне адстаўкі Міколы Стэрджэн можна зыходзіць з таго, што пытанне незалежнасці Шатландыі адкладаецца на потым і, хутчэй за ўсё, ужо не будзе ўзнімацца ў гэтым дзесяцігоддзі. Пагадненне па Паўночнай Ірландыі дазволіць Сунаку засяродзіцца на іншых пытаннях, у якіх ён адчувае сябе больш упэўнена. У плане маючых адбыцца выбараў кансерватараў, па сутнасці, ужо можна спісаць з рахункаў, а значыць, найлепшым спосабам кампенсацыі ўрону тут будзе больш эфектыўнае кіраванне эканомікай», – адзначае ірландскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя