У Росіцы адзначылі 80-годдзе пакутніцтва мясцовых святароў
У Росіцы, на Віцебшчыне, адзначылі 80-годдзе пакутніцтва мясцовых святароў, піша тэлеграм-канал “Хрысціянская візія”. Імшу з нагоды ўспаміну росіцкіх пакутнікаў адправіў біскуп Алег Буткевіч. Ён прапанаваў прасіць бласлаўлёных святароў пра “такі патрэбны супакой для нашай краіны”.
Падчас Другой сусветнай вайны росіцкія святары Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч свядома адмовіліся ад магчымасці выратавання. Фашысты сагналі ў касцёл мясцовых жыхароў, а святары дастаўлялі ім ежу, абагравалі і намагаліся весці перамовы дзеля вызвалення затрыманых. У выніку падчас масавых экзекуцый расстралялі айца Ляшчэвіча, а айца Кашыру, разам з вернікамі, спалілі ў вясковай хаце.
