Паўлючэнка стаў гульцом „Гурніка”



25-гадовы беларускі галкіпер „Тэрмалікі” Павел Паўлючэнка ўзяты ў арэнду „Гурнікам”. Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба. Каманда з Забжэ займае 15-е месца ў польскай Экстракласе.

«Манчэстэр Сіці» згуляў унічыю з «Лейпцыгам»

У першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў «РБ Лейпцыг» згуляў унічыю з «Манчэстэр Сіці». Госці выйшлі наперад на 27-й хвіліне пасля памылкі немцаў у абароне, вынікам якой стаў гол Рыяда Марэза пасля перадачы Ілкая Гюндагана. Пасля гэтага „гараджане” аддалі ініцыятыву ў гэтым матчы гаспадарам. Футбалісты „Лейпцыга” доўгі час валодалі мячом у другой палове і на 70-й хвіліне харват Ёшка Гвардыёл пераправіў мяч у сетку брамы Эдэрсана пасля навеса Марцаля Хальстэнберга. Астатнія хвіліны прайшлі практычна без момантаў, на што галоўны трэнер «Манчэстэр Сіці» Хасэп Гвардыёла ніяк не адрэагаваў – іспанскі спецыяліст не зрабіў за 90 хвілін ніводнай замены – 1:1.

У другім матчы „Інтэр” вырваў перамогу ў „Порту” дзякуючы голу Лукаку на 86-й хвіліне пасля падачы кутавога. На 78-й хвіліне нападнік «Порту» Атавіа атрымаў другую жоўтую картку ў матчы і пакінуў сваю каманду ў меншасці. Усё вырашыцца ў гульнях у адказ, якія пройдуць 14 сакавіка ў Манчэстэры і Мілане.

Хакеісты „Гомеля” выйшлі ў плэй-оф экстралігі

У сераду ў Гомелі, Віцебску і Жлобіне прайшлі матчы перадапошняга 54-га тура рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай экстралігі. У Гомелі мясцовы клуб разграміў наваполацкі „Хімік” – 6:1, дублем у складзе гаспадароў вызначыўся Яўген Сапельнікаў. Дзякуючы гэтаму поспеху „Гомель” сталі чацвёртым клубам, які аформіў выхад у накаўт-раўнд: раней пуцёўкі ў плэй-оф забраніравалі „Нёман”, „Шахцёр” і „Юнацтва”. Да прамога траплення ў чвэрцьфінал турніру наблізіўся дзейны чэмпіён краіны „Металург”. Жлабінчане на сваім лёдзе ўпэўнена абыгралі галоўнага канкурэнта за месца ў топ-6 „Лакаматыў” – 4:1. У іншым матчы серады яшчэ адзін прэтэндэнт на выхад у плэй-оф „Віцебск” з такім жа лікам разабраўся з аўтсайдэрам сезона „Магілёвам”.

„Гарызонт” перамог „Мінск” у матчы чэмпіянату Беларусі

Лідары жаночага чэмпіянату Беларусі баскетбалісткі „Мінска” прайгралі „Гарызонту” ў дадатковы час з розніцай у 4 ачкі. Асноўны час паядынку двух фаварытаў нацыянальнага першынства завяршыўся ўнічыю – 61:61, а ў авертайме падначаленыя Наталлі Трафімавай здолелі вырваць перамогу з лікам 67:63. У актыве „Мінска” 37 ачкоў пасля 20 праведзеных сустрэч, другой ідзе гарадзенская „Алімпія”, у якой 36 балаў, на трэцяй пазіцыі баскетбалісткі „Гарызонта”, якія набралі 34 ачкі ў 18 гульнях.

Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру WTA у Дубаі

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала чвэрцьфіналісткай турніру катэгорыі WTA-1000 у Дубаі з прызавым фондам 2 мільёны 700 тысяч даляраў. У 1/8 фіналу другая ракетка свету перайграла ў трохсэтавым паядынку латвійскую тэнісістку Алену Астапенку, якая займае 20-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 3:6, 6:1, 6:1. У чвэрцьфінале беларуска сустрэнецца з чэшкай Барбарай Крэйчыкавай, якая перамагла суайчынніцу Петру Квітаву 6:3, 6:2. Першы нумар сусветнага рэйтынгу полька Іга Швёнтэк перамагла расейку Людмілу Самсонаву 6:1, 6:0.

Беларускае Радыё Рацыя