Раскрасці і аграбіць Украіну



Канца вайны ва Украіне і яе канчатковай перамогі пакуль не відаць. Відаць затое неўяўляльную трагедыю смерцяў і разбурэнне ўкраінскай зямлі. І штораз больш людзей проста не ў змозе зразумець, чаму ж з такой зацятасцю знішчаюцца расейцамі гарады і паселішчы. Проста ўся прамысловая, жыллёвая, камунальная інфраструктура стала аб’ектам мэтанакіраваных бамбардзіровак і ракетных удараў. Мая сялянская логіка не разумее, чаму ж знішчаць тое, што можа быць прыдатным нават для акупантаў. Агрэсары дзейнічаюць тут з відавочнай, на жаль, генацыднай стратэгіяй атакі.

Знішчыць украінскі народ, раскрасці і аграбіць Украіну — гэта мэта сучасных маскоўскіх варвараў. Украіна са сваёй тэрыторыяй і натуральнымі рэсурсамі — проста аб’ект прагнасці для Масковіі ў забеспячэнні сябе збожжам, харчамі, значыць ядою і тымі прыроднымі багаццямі, што скрываюць украінскія нетры. Пра значэнне Украіны ў сусветнай сельскай гаспадарцы пісаў я ўжо ў гэтай рубрыцы не адзін раз. Зараз нашым чытачам прапаную ўвазе матэрыял, які ў мінулыя выходныя з’явіўся ў польскіх медыя. Паказвае ён менавіта, чаму так Расея хоча акупаваць Украіну і чаму яна імкнецца сцерці ўсё з зямлі, каб атрымаць нічым неабмежаваны доступ да нетраў украінскай зямлі.

На сайтах tvp.info і interia.pl чытаем: «Украіна валодае адным з найбуйнейшых рэсурсаў рэдказямельных металаў у Еўропе і перспектыўнымі запасамі літыю, які адыгрывае ключавую ролю ў зялёнай трансфармацыі, — адзначылі аналітыкі Польскага эканамічнага інстытута. — Эксперты ПЭІ спасылаліся на звесткі, згодна з якімі цяпер расейцы кантралююць 12,4 більёна долараў ад радовішчаў прыродных рэсурсаў, размешчаных на тэрыторыі Украіны. Некаторыя з іх знаходзяцца пад расейскай акупацыяй з моманту анексіі Крыма ў 2014 годзе і пачатку баявых дзеянняў за Данбас. Сярод іх 42 працэнты ўкраінскіх металаў і 33 прац. рэдказямельных металаў», — адзначылі аналітыкі.

У апошнім выпуску выдання «Tygodnik Gospodarczy PIE» (нумар 7/2023 ад 16 лютага) адзначаецца, што расейцы ўзялі пад кантроль шэсць радовішчаў жалезнай руды, дзве тытанавыя шахты, дзве шахты па здабычы цырконію, адну шахту па здабычы стронцыю і адну шахту па здабычы ўрану, літыю і золата.

«Украіна мае значныя запасы прамысловых металаў, адны з найбуйнейшых у Еўропе запасаў рэдказямельных металаў і перспектыўныя запасы літыю. Апошні метал адыгрывае ключавую ролю ў зялёнай трансфармацыі, напрыклад, як матэрыял для вытворчасці літый-іённых акумулятараў. На тэрыторыі Украіны можа быць 500 тысяч тон літыю, які знаходзіцца пераважна ў г.зв. Украінскім шчыце (Валынска-Азоўскім). Такім чынам, гэта было б адно з найбуйнейшых радовішчаў „белага золата” ў Еўропе», — падкрэслілі аналітыкі.

У Украіны таксама 10 працэнтаў сусветных запасаў жалеза і значныя запасы манганіту, тытану, галію і германію. У 2021 годзе яна заняла 6-е месца ў свеце па здабычы жалезнай руды (81 млн. тон) і 5-е па экспарце (6,9 млрд. долараў). Аналітыкі адзначылі, што гэтыя радовішчы ў асноўным знаходзяцца ў Крыварожскім басейне, дзе знаходзіцца найбуйнейшы ў Еўропе адкрыты кар’ер жалеза, каля Крамянчука і ў Белаазёрскім раёне. Украіна таксама заняла 5-е месца па здабычы манганіту (670 тыс. тон), 7-е — тытану (432 тыс. тон), 3-е — галію (9 тон) і 5-е — германію (1 тона).

Спецыялісты адзначылі, што пераважная большасць радовішчаў металаў знаходзіцца на ўсходзе краіны і на Украінскім шчыце, які таксама з’яўляецца рэсурсам 22 рэдказямельных металаў. Яны ўключаюць у сябе напрыклад берылавыя (Жытомірская вобласць), цырконіевыя (Данецкая вобласць) або танталавыя, ніобіевыя і цырконіевыя руды (Мазуроўка). Агульны кошт радовішчаў геалагічна пазначаных металаў ва Украіне ацэньваецца ў 11,5 більёна долараў.

Для рабаўнічай, маскоўскай дзяржавы самы просты спосаб, каб атрымаць доступ да прыродных багаццяў — гэта смерць, кроў і знішчэнне. Але захопнікам на ўсё гэта напляваць.

Яўген Вапа, тыднёвік „Ніва”, №9, 2023 г.

Array