Журналіст Аляксандр Івулін выйшаў на волю



Журналіст Аляксандр Івулін выйшаў на волю 17 лютага і пакінуў Беларусь, паведамляе «Трыбуна».

Івулін апублікаваў першы пост ў сацсетках пасля вызвалення.

«Усе гэтыя 624 дні, пакуль мы не бачыліся, вам было нашмат складаней, чым мне. Вас палохала невядомасць. Вы не ведалі, як я і што са мной. Ня ведалі, як мне дапамагчы. Пры гэтым рабілі ўсё магчымае, каб па тым боку плота мне жылося крыху прасцей. Рабілі так шмат, што я пакуль не магу ўсвядоміць увесь маштаб.
Сорры, пішу гэты тэкст і натуральна трасуцца рукі, а да вачэй падыходзіць кандэнсат. Гэта ўсё праз вас, неверагодныя беларусы! Нізкі паклон усім і кожнаму за салідарнасць і падтрымку. Гэта вельмі каштоўна. Гэта не забываецца», – напісаў Аляксандр.

Спартыўны журналіст і блогер Аляксандр Івулін быў прысуджаны да 2 гадоў калоніі. Івулін прызнаны вінаватым па частцы 1 артыкула 342. Па версіі абвінавачання, Івулін 23 жніўня і 29 верасня 2020 года прыняў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама арганізаваў такія дзеянні, размяшчаючы ў ютубе ролікі з 7 жніўня 2020 года.