Падчас выступу Савіных у АБСЕ расейцы абражалі ўкраінскі сцяг



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных выступіў сёння з прарасейскай прамовай падчас Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене.

Фота: t.me/AndreySavinykh

Падчас гэтага выступу ўкраінскія дэпутаты разгарнулі за ім нацыянальны сцяг. Савіных, які ў Палаце прадстаўнікоў узначальвае Пастаянную камісію па міжнародных справах, назваў вайну ва Украіне па ўзоры расейскай прапаганды «спецыяльнай ваеннай аперацыяй».

У гэтых час некалькі прадстаўнікоў украінскай дэлегацыі сталі за Савіных са сваім нацыянальным сцягам. На відэа, якое распаўсюджваюць праўладныя рэсурсы, чутна як нехта  звяртаецца да ўкраінцаў «анучу прыбралі».

–  Сёння больш за 30 тысяч салдат НАТА, якія ўзброеныя наступальнай зброяй, сканцэнтраваныя побач межаў Беларусі. У Беларусі таксама добра памятаюць масіраваныя бамбардзіроўкі авіяцыяй НАТА мірных сербскіх гарадоў. Я не ведаю, як яшчэ можна ахарактарызаваць памяць. Якая працуе па прынцыпе – тут памятаю, а тут не памятаю.

Апрача беларускіх дэпутатаў у сэсіі ПА АБСЕ ўдзельнічаюць 18 расейскіх дэпутатаў. У Вене на сэсію Парламенцкай асамблеі АБСЕ прыбылі дзве беларускія дэлегацыі. Праўладную ўзначальвае Андрэй Савіных. На чале дэлегацыі дэмакратычнай Беларусі — Святлана Ціханоўская.

Беларускае Радыё Рацыя